Dream: мэта маіх працаў – прымусіць людзей задумацца

Яго мянушка Dream. Нацыянальна-гістарычнай тэматыкай вулічны мастак зацікавіўся некалькі месяцаў таму: тады паўстала серыя “Выбітныя сыны Беларусі”, у якую ўвайшлі 32 асобы. Прынцып адбору быў адзін – уклад, які зрабіў чалавек у культуру і гісторыю Беларусі.

 

Гэтак, на сценах і мурах з’явіліся стэнсілы і постэры са Скарынам, Багушэвічам, Каліноўскім, Купалам, Караткевічам ды іншымі гістарычнымі асобамі. Сярод іх і тыя, хто сярэднестатыстычнаму грамадзяніну можа быць і незнаёмы: напрыклад, Міхал Вітушка. А пачынаў серыю мастак з князёў ВКЛ.

 

– Магчыма, я працягну серыю, калі скончу працу над вершамі на сценах, – кажа Dream (ці прасцей – Зміцер), закрануючы ўжо крыху іншую тэму. – Зараз я думаю над тым, як зацікавіць мінакоў, якія бачаць партрэты. Бо намаляваць і падпісаць знізу – гэта мала. Трэба крэатыўней да гэтага падыйсці.

 

Гарадзенцы маглі пабачыць працы мастака не толькі ў цэнтры горада, але таксама каля Румлёўскага мосту. Там ён пакінуў кавалак песні гурта MAUZER. Аказалася, што ў серыю “Актуальныя рыфмы” увайшлі не толькі ўласна вершы, знаёмыя па школьнай праграме беларускай і рускай літаратуры, але таксама тэксты песен, у тым ліку сапраўды актуальныя сёння Сяргей Міхалок і Віктар Цой. Крытэр адбору просты: каб лёгка чыталіся і мелі сэнс.

– У Гродне я маляваў два разы. Проста прыязджаў у госці да мясцовага стрыт-арцера Яўгена ANONSa, ён вядомы сваімі працамі на сценах каля былога Дому Піянераў. Мы каталіся па горадзе і малявалі. Я прыклеіў постэры Быкава і Багдановіча – іх, на жаль, ужо абадралі, князя Альгерда, а таксама шэсць вершаў – некаторыя з іх зафарбавалі. Трэба яшчэ наведацца сюды, бо ёсць ідэі. І ўвогуле, лічу горад Гродна самым прыгожым у Беларусі. Вабяць пешаходныя вулачкі, вельмі клёва ў вас.

Партрэты на вуліцы Урыцкага і Гараднічанскай сарвалі хутка.

З беларускіх гарадоў, акрамя Мінска, вядома, быў яшчэ ў Гомелі. Пакінуў некалькі вершаў на набярэжнай. Горад спадабаўся, трэба туды яшчэ наведацца.

 

“Жывуць” працы Dream’a па-рознаму. Галоўная небяспека для іх – камунальшчыкі.

 

– Могуць нават раніцай зафарбаваць, так, што не паспееш сфатаграфаваць зробленае. А бывае і не адзін месяц радуе вока, – кажа аўтар. – З месцамі, дзе малюю – гэта як пашэнціць. Часцей за ўсё гэта месцы адпачынку гараджан, хаця бывае па рознаму.

Дзяржаўныя службы выйсці на тямнічага стрыт-арцера не спрабавалі: ні для таго, каб аштрафаваць, ані каб наадварот, запрапанаваць супрацоўніцтва.

 

– Бывала толькі, што мянты хапалі. Непрыемная гісторыя, – коратка кажа Зміцер. І дадае, што думае пра супрацоўніцтва вулічных мастакоў з уладамі:

 

– У Мінску БРСМ праводзіць мерапрыемствы для моладзі, там таксама графітчыкі малююць. Але я лічу гэта ганьбай.

 

Верш змешчаны на адным з будынкаў у парку Жылібера. Падказка: зусім побач домік Ажэшкі.

 

Мэта абедзвюх серый малюнкаў – прымусіць людзей задумацца.

 

– Калі людзі спыняюцца, фатаграфуюцца побач з працай, тады лічу што мэты сваёй я дасягнуў.

 

Пра планы на будучыню мастак не кажа – трэба яшчэ разабрацца з актуальнымі праектамі.

 

– Пакуль не ведаю, чым буду займацца далей, бо серыя “Актуальныя рыфмы” яшчэ не скончана. Таму пакуль не забягаю наперад. Але калі новыя ідэі будуць, то самі пабачыце.

 

Фотыздымкі аўтара і Dream’a. Больш малюнкаў можна пабачыць на сайце http://dream-minsk.blogspot.com/