“Басовішча” адбудзецца 17-18 ліпеня
Як паведамляе Generation.bY, аргкамітэт фэсту распачаў актыўную падрыхтоўку да Басовішча-2009, але канчатковых рашэньняў па фармаце і праграме пакуль няма.
Магчыма, сёлетняе Басовішча пройдзе без конкурснай часткі, але з удзелам выбітных удзельнікаў Басовішча за 20-гадовую гісторыю фэсту.
Раней адзін з арганізатараў фэсту Радаслаў Дамброўскі распавядаў пра падрыхтоўку дваццатага «Басовішча»:
– Усё залежыць ад выканаўцаў і гуртоў, але ёсьць ідэя вярнуцца да саміх вытокаў Басовішча, каб у час фэсту выступіў Віктар Шалкевіч і іншыя музыкі, што выступалі ад пачатку на фэстывалі, пераможцы Басовішча розных гадоў. Хочам зрабіць такі перагляд гістарычны —рэтраспэктыву Басовішча.
Каментуючы “Твайму стылю” магчымы фармат Басовішча-2009, Віктар Шалкевіч адзначыў:
– Я не маю пакуль афіцыйнага запрашэння ад арганізатараў. Ідэю запрасіць да ўдзелу ў Басовішчы вядомых музыкаў лічу слушнай, бо ў апошнія гады фэст не прагрэсаваў, пераўтварыўшыся ў імпрэзу для Беласточчыны, а не для ўсёй Беларусі, як гэта задумвалася.
На здымку: выступаюць мінулагоднія лаўрэаты Басовішча з гарадзенскай Tlusta Lusta
Фота: Generation.bY