Праблемы польскай чыгункі закрануць гарадзенцаў
Згодна з новымі правіламі міністэрства не абавязана дакладаць грошы да памежных рэйсаў: фінансавання хапае толькі на міжрэгіянальныя перавозкі. Са снежня фінансаваць міжнародныя цягнікі будзе падляшскае ваяводства, улады якога ўжо папярэдзілі, што колькасць злучэнняў паміж Польшчай і Беларуссю трэба будзе абмежаваць. Як сказаў у інтэрв’ю Польскаму Тэлебачанню віцэмаршалак Валенты Карыцкі, гэтыя цягнікі вельмі патрэбныя, асабліва ў кантэксце малога памежнага руху, але ваяводства не мае патрэбных 2,5 мільёна злотых на падтрымку чыгункі.
У выніку, міністр інфраструктуры дэклараваў магчымасць фінансавання аднаго рэйса з Беластока ў Гродна цягам года. Тым часам улады ваяводства звярнуліся па дапамогу для падляшскіх парламентарыяў.
Па інфармацыі Польскага Тэлебачання, праз памежны пераход у Кузніцы штодзённа праязджае цягніком каля 600 чалавек. Лінію абслугоўваюць 3 пары цягнікоў: 1 цягнік Беласток – Гродна, 1 Гродна – Беласток, 2 цягнікі Кузніца – Гродна, 2 Гродна – Кузніца. Пакуль што невядома, якія рэйсы будуць адмененыя.
Адмена пагражае таксама рэйсу Чаромха – Высока-Літоўск (Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць), але ён значна менш папулярны: ім карыстаецца ўсяго 20 чалавек у дзень.
Гэта чарговая праблема польскай чыгункі, якая адаб’ецца на падарожжах гарадзенцаў: пасля страйку чыгуначнікаў і пачатку мадэрнізацыйных работ.