Гродзенская каманда заняла другое месца на чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі

|

Зафіксаваўшы падчас 12-гадзінных назіранняў 114 відаў птушак, яна саступіла камандзе-пераможцы Lintu (115 відаў) толькі 1 ачко.


3 верасня прайшоў  VIII чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі, які ладзіць найбуйнейшая ў Беларусі прыродаахоўная грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

 

Мэта спаборніцтваў – улічыць найбольш відаў птушак. Улік вёўся як па знешнім выглядзе, так і па голасе.

 

У ваколіцах Гродна назіранні вялі тры каманды:

– “Качкі”
Мікалай Гулінскі – капітан
Яўген Сліж
Сяргей Шыдлоўскі
Сяргей Саковіч

– “Dreamteam”
Håkan Örtman (Швецыя) — капітан
Lennart Carlsson (Швецыя)
Андрэй Храмогін (Беларусь)
Дзмітрый Вінчэўскі (Беларусь)

– “Ластаўкі “
Таццяна Смыкоўская — капітан
Таццяна Кожан
Аляксандра Чацьвярык
Наталля Палякова

 

У лік прызёраў з іх увайшла беларуска-шведская “Dreamteam”, якая зафіксавала 114 відаў птушак і  заняла 2 месца.

 

“Качкі ” (80 відаў) на  9 месцы, “Ластаўкі ” ( 58 відаў) – 12 месца.

 

Дзмітрый Вінчэўскі, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, і ўдзельнік “Dreamteam”, лічыць гэтыя вынікі добрымі:

 

Вынікі добрыя, хаця хацелася б яшчэ большага.


Напярэдадні спаборніцтваў мы наведалі тыя мясціны, дзе збіраліся весці назіранні і ўбачылі 15 відаў птушак, якіх не ўбачылі ўжо падчас спаборніцтваў, затое заўважылі 20 іншых, якіх напярэдадні не было.


Таму можна казаць, што зараз у Гродзенскай вобласці можна назіраць прыкладна 130 відаў птушак.


Усё хутка змяняецца, бо зараз міграцыя: некаторыя прылятаюць, некаторыя адлятаюць.


Поспех сваёй каманды Дзмітрый Вінчэўскі звязвае з вялікім досведам яе ўдзельнікаў.

 

Па-першае вельмі дасведчанымі назіральнікамі былі шведы, астатнія – таксама арнітолагі са стажам.

 

Таму шмат відаў пазнавалі па пазыўках (галасах).

 

Меньш дасведчаныя гульцы вымушаныя былі фіксаваць у большасці тых птушак, якіх убачаць, а гэта значна цяжэй (від залічваўся толькі тады, калі птушку пачулі ці ўбачылі ўсе ўдзельнікі каманды).

 

А калі ўлічыць, што ўдзельнікі менш паспяховых гродзенскіх каманд у асноўным студэнты, то ў іх усё наперадзе, галоўнае ўдзельнічаць і набірацца дасведу.

 

Усе тры гродзенскія каманды стартавалі (пачалі назіранні) у 6 гадзін раніцы 3 верасня на ачышчальных сажалках “Азота” (в.Беражаны).

 

Наступны маршрут каманды Дзмітрыя Вінчэўскага выглядаў такім чынам: тэрыторыя палаца ў Свяцку, рыбгас “Каробчыцы”, ачышчальныя сажалкі ў Скідзелі на Азёрску, ачышчальныя сажалкі Абухова, пойма рэчкі Стрыеўка каля вёскі Перасельцы, вёска Галаўнічы…

 

На гэтым скончыліся 12 гадзін, адведзеныя для назірання.

 

Дзмітрый Вінчэўскі:

 

Адчуванні выдатныя! Надвор’е добрае! Заўважылі некалькі цікавых відаў:

Нам сустрэўся даволі рэдкі кругланосы плывунчык (сустракаецца толькі падчас міграцыі), а каля вёскі Галаўнічы (за Верцялішкамі) – сокал шулёнак. Гэта самы маленькі на Беларусі сокал, мы бачылі тры птушкі, напэўна і сёння іх можна паназіраць у тым месцы.


Агульная тэндэнцыя, якую мы заўважылі, вельмі мала становіцца кулікоў.


У VIII чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі ўдзельнічалі 12 каманд па 4 чалавекі ў кожнай.

 

Свае прызы каманды-пераможцы атрымаюць на з’ездзе грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

 

Сёлета быў павялічаны час назіранняў: спаборніцтвы працягнуліся не 9 гадзін, як звычайна, а 12 – з 6.00 да 18.00.

 

У леташнім чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі ўзялі ўдзел 11 каманд. Перамагла тады таксама фінска-беларуская каманда”Lintu”, якая стартавала з Мінску і налічыла 114 відаў птушак.

 

Адзіная гродзенская каманда “Кронан”заняла трэцяе месца, зафіксаваўшы 97 відаў птушак за 9 гадзін назірання.

Фота з сайта http://ptushki.org