Спецыялісты з Славакіі і Чэхіі чытаюць лекцыі гродзенскім студэнтам

|

Як паведаміў “Твайму стылю” дэкан факультэта Сяргей Уладзіміравіч Данскіх, гаворка на занятках замежных выкладчыкаў пойдзе пра тое, як кіраваць турыстычным рэгіёнам, як падаваць яго на рынку, як развіваць гасцінічныя гаспадаркі, як з мінуса зрабіць плюс, як, нарэшце, змяніць “слабаразвіты рэгіён” на “экалагічна чысты”.

Еўрапейскія выкладчыкі завіталі ў ГрДзУ імя Янкі Купалы ў межах рэалізацыі міжнароднага праекта “Мадэрнізацыя і ўкараненне бізнес-адукацыйных праграм падрыхтоўкі спецыялістаў для турыстычнай галіны Рэспублікі Беларусь” (MIBET), які фінансуецца еўрапейскай праграмай TEMPUS IV.

Марыян Гучык і Лібена Яралімкава з групай іншых заходніх выкладчыкаў упершыню трапілі ў Гродзенскі ўніверсітэт у кастрычніку 2009 года, калі міжнародны праект толькі распачынаўся.

Сяргей Данскіх:

–          Марыян Гучык і Лібена Яралімкава – гэта спецыялісты, якія выбралі нас самі.

Ім вельмі спадабаліся Гродна і гродзенскія студэнты, яны знайшлі шмат паралеляў паміж Чэхіяй, Славакіяй і Беларуссю, а нас таксама задаволіў іх досвед працы з беларускімі студэнтамі, тое, што нашы праблемы ім зразумелыя, гэта яны ўжо праходзілі…

Каб ахапіць як мага больш студэнтаў, замежныя выкладчыкі праводзяць заняткі адразу для цэлых курсаў.

Лекцыі наведаюць студэнты 2,3 і 4 курса.

З першакурснікамі, якія толькі пачынаюць уваходзіць у тэму, Марыян Гучык і Лібена Яралімкава правядуць проста сустрэчу.

У праграме іх побыту ў Гродне – сустрэча з прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі турыстычнага бізнесу, экскурсія ў Каробчыцы і на аўгустоўскі канал.

Сяргей Данскіх:

– Госці вельмі  імкнуцца трапіць у наш звярынец, хаця мы і казалі, што яго рэканструкцыя яшчэ не скончылася.

Заапарк па еўрапейскіх мерках – гэта вельмі перспектыўны турыстычны аб’ект.

Ён ідэальна падыходзіць для сямейнага адпачынку.

Патэнцыйны рынак наведвальнікаў заапарку – 100%. Таму горад з заапаркам мае вялікі турыстычны патэнцыял.

Праект MIBET, у межах якога заходнія выкладчыкі наведваюць Гродна, скончыцца ў лістападзе. Скарыстацца з яго змаглі рэгіянальныя ВНУ ў Гродне, Брэсце і Віцебску.

Лекцыі наступнага іншаземнага, расійскага, лектара студэнты факультэта “Турызм і сэрвіс” змогуць наведаць у межах наступнай міжнароднай праграмы ўжо ў кастрычніку.