Марцін Старнаўскі: у шматкультурных грамадствах лягчэй знайсці ворага

|

Сітуацыю каментуе актывіст польскага антырасісцкага руху Марцін Старнаўскі, які гасцяваў днямі ў Гродне.

 

Акцыя ў Беластоку, ініцыяваная мясцовымі палітыкамі, вызначалася адкрытым супрацьдзеяннем з боку мясцовых неанацыстаў, якія гучна скандзіравалі “Nie przepraszam za Jedwabne” (Не перапрашаем за Едвабнэ), “Polska cała tylko biała” (Уся Польшча толькі белая) і г.д.

Гэтая група маладых людзей суправаджала ўдзельнікаў марша і скандзіравала нацыяналістычныя лозунгі

 

Паліцыя не ўмешвалася, ніхто з удзельнікаў контракцыі не быў затрыманы.

 

– Чаму гучныя акцыі супраць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў на Беласточчыне выбухнулі менавіта зараз?

 

– Мяне якраз гэта не здзіўляе. Актывісты антырасісцкіх арганізацый у Польшчы даўно ўжо фіксуюць у гэтак званай “Карычневай кнізе” рост выпадкаў агрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў нацыянальных і іншых меншасцяў менавіта ў ваколіцах Беластока.

 

– Чаму менавіта тут?


– У шматнацыянальных і шматкультурных грамадствах, а Падляскі рэгіён менавіта такім і з’яўляецца, рознага кшталту шавіністам і ксенафобам прасцей знаходзіць сабе ворагаў.

 

Дзеянні такіх груп б’юць найперш па шматкультурнай памяці рэгіёна, бо, напрыклад, габрэйскія сінагогі, могілкі, помнікі, звязаныя з культурай іншых народаў – гэта і ёсць сімвалы гэтай памяці.

 

Мне сітуацыя на Беласточчыне нагадвае зараз мой родны Ўроцлаў пачатку 90-х. Тады ў горадзе таксама хапала рознага кшталту неанацысцкіх моладзевых груповак. Былі цэлыя раёны, дзе жыло багата скінхэдаў і куды лепш было не заходзіць.

 

Ворагамі гэтых груп станавіліся не толькі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, але і ўвогуле “іншыя”, “няправільныя”, скажам так, палякі.

 

Напрыклад, за кашульку з Бобам Марлі ці за якую арыгінальную фрызуру маглі збіць ці плюнуць у твар.


>

Удзельнікі Маршу Адзінства прайшлі па цэнтры Беластока да помніка заснавальніку мовы эсперанта Людвіга Заменгофа, дзе ўсклалі кветкі

 

– Чаму такое здараецца ў Польшчы да гэтай пары?


– На мой погляд, мясцовыя ўлады часта заплюшчваюць вочы на такія выхадкі. Так, марш у Беластоку ініцыявалі палітыкі, але ці не запозна? Дзе яны былі дагэтуль?

 

Калі антыфашыстоўскія арганізацыі білі ў званы, папярэджвалі пра рост хвалі неанацызму – ніхто гэтага не чуў.

 

Ёсць пытанні і да сістэмы адукацыі. У нас вельмі шмат абстрактна кажуць пра шматкультурнасць, талерантнасць, але ці вучаць, як рэагаваць на выпадкі неталерантнага стаўлення, агрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў нацыянальных ды іншых меншасцяў.

 

Хвалюе таксама стаўленне сілавых структур да такіх выпадкаў. Паліцыя, як мне здаецца, слаба рэагуе на праявы расізму, нацыяналізму. Магчыма, іх кепска вучылі, як адрозніваць такія выпадкі і рэагаваць на іх, магчыма, многія паліцыянты падзяляюць погляды асобных шавіністычных груповак.

 

Пракуратура часта таксама трактуе акцыі нацыяналістаў і расістаў як хуліганскія выхадкі і не больш таго. У гэтым плане ў Польшчы яшчэ шмат чаго павінна змяніцца.

 

-Чаму так мала людзей выйшла на Марш Адзінства ў Беластоку?

 

– Магчыма, гэта звязана з тым, што яго ініцыявалі палітыкі і частка людзей патрактавала гэта як адну з перадвыбарчых акцый. Калі б сярод арганізатараў было больш прадстаўнікоў розных мясцовых грамадскіх рухаў – удзельнікаў Маршу магло б быць больш.

 

– Што трэба рабіць, каб спыніць хвалю гвалту ў дачыненні да нацыянальных і іншых меншасцяў?

Марцін Старнаўскі


– Ва Ўроцлаве сітуацыя пачала змяняцца ў сярэдзіне 90-х у лепшы бок, калі набраў моц антыфашыстоўскі рух. У горадзе шмат размаўляюць пра талерантнасць, шматкультурнасць, усяляк ствараюць вобраз горада як “месца сустрэч” розных культур, рэлігій і г.д.

 

Праблемы, аднак, застаюцца і ў нас.

 

Канешне, можна быць цемнаскурым студэнтам, чатыры гады адвучыцца ва Ўроцлаве і не мець праблем. Але такія студэнты, калі выходзяць увечары на вуліцу, то не па аднаму, а яшчэ лепш – у кампаніі з польскімі знаёмымі. Так больш гарантый пазбегнуць непрыемнасцяў.

 

Супрацьдзейнічаць праявам расізму і нацыяналізму можа толькі пісьменная сацыяльная палітыка і якасная адукацыя.

 

Сацыяльная палітыка будзе выбіваць зброю ў нацыяналістаў у выглядзе тэзісаў кшталту таго, што іншаземцы забіраюць у палякаў працоўныя месцы (хоць вядома, што гэта не так), а адукацыя будзе ствараць каштоўнасны бар’ер у грамадстве на шляху праяваў агрэсіі.

 

Фота з Маршу Адзінства ў Беластоку – http://bialystok.naszemiasto.pl