Інвалід 3-й групы сплоціць штраф за ўдзел у “маўклівай акцыі”

|

Суддзя Аляксандар Козел пацвердзіў, што яна абавязаная заплаціць 840 тысяч рублёў штрафу. Пенсія ў сп Васьковіч —390 тысяч рублёў. Яўгенія Васьковіч кажа, што надоўга запомніць падзеі лета 2011-га:

 

Я прыходзіла тры серады запар, я сапраўды жыву дрэнна і хацела падтрымаць гэты рух. Ён, я лічу, не парушае грамадзкага парадку. Гэта нават не пікет, проста збіраліся людзі на плошчы. Міліцыянты выцеснілі людзей на пешаходную вуліцу. Акцыя доўжылася паўгадзіны, адрозніць людзей, якія прымаюць у ёй удзел, ад звычайных мінакоў — нерэальна, таму так шмат тых, каго выпадкова затрымалі. Але самае страшнае, што пасля абвяшчэння — “акцыя незаконная, разыдзіцеся”, перагароджваюць вуліцу аўтазакамі, аўтобусамі, людзі ідуць у адзін бок, што расцэньваюць потым як шэсце, якое не санкцыянавана.

 

Яўгенія Васьковіч абураная дзеяннямі ахоўнікаў правапарадку:

 

Запіхвалі так груба, што з кіёчка знялі наканечнік, кінулі следам са словамі “трымай сваю кульбаку!”.

 

На разглядзе скаргі Яўгеніі Васьковіч прысутнічаў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту на Гродзеншчыне Раман Юргель. Ён патлумачыў, што скаргі на штрафы падавалі ў абласны суд больш за 20 пакараных за “маўклівыя акцыі“. Але ўсе гэтыя скаргі былі адхіленыя. Толькі ў адным выпадку справу накіравалі на новы разгляд, але гэта нічога не дало: новы суддзя паўтарыў ранейшы прысуд.