Алтар нябачны нашай Бацькаўшчыны

|

30 асобнікаў унікальнай кнігі, якая выйшла накладам у 700 асобнікаў у серыі ”Беларускі кнігазбор”,  разышліся імгненна.

 

Падчас прэм’еры кнігі Вінцука Адважнага, яе ўкладальніца, Ірына Багдановіч, паэтка Данута Бічэль, прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, выкладчыца Гродзенскага ўніверсітэта Ала Петрушкевіч ўвесь час звярталіся да постаці яшчэ аднаго паэта-святара, сябра Язэпа Германовіча – Казіміра Сваяка.

 

Збор твораў Сваяка выйшаў у Беларускім кнігазборы летась і разыйшоўся за пару месяцаў, так і не трапіўшы ў Гродна, таму ўдзельнікам прэзентацыі засталося толькі паглядзець на адзіны экземпляр кнігі ў руках Ірыны Багдановіч.

alt=”Image 16485″ >

 

Ірына Багдановіч:

Калі б 2 гады таму мне сказалі, што гэтыя кнігі выйдуць, я б не паверыла. Можа, паспрыяў 190-гадовы юбілей абодвух святароў, які адзначаўся ў мінулым годзе, бо ў першапачатковых планах Беларускага кнігазбору гэтых кніг не было.

Яны былі сябрамі, разам вучыліся ў Віленскай каталіцкай семінарыі.

 

Данута Бічэль:

Гэтыя святары – Казімір Сваяк і Язэп Германовіч – неслі ў сабе Духа Святога, і хацелі паміма казанняў, паміма Эўхарыстыі даць пасланне свайму народу, сказаць праўду. Нават у байках Вінцук Адважны казаў вельмі сур’ёзныя рэчы, тыя, якія цяжка, можа, сказаць на казані.

 

Ірына Багдановіч:

-Гэта сапраўды быў святарскі подзвіг.

Нацыянальнае адраджэнне ішло шырокаю плынню , і духоўнае адраджэнне арганічна дапаўняла, злівалася з культурніцкім, гістарычным.

Яны самачынна пачалі прамаўляць беларускія казанні, распаўсюджваць беларускія кніжкі, хаця маглі абмежавацца толькі імшой і патрэбамі парафіяльнага жыцця, якія адымалі вельмі шмат сілаў.

Падмуркі гэтага ўсяго – Алтар нябачны нашай Бацькаўшчыны, на якім служылі гэтыя самаахвярныя людзі.

 

Лёсы абодвух святароў былі вельмі драматычныя. Казімір Сваяк быў хворы на сухоты, і смерць напаткала яго ў 36 гадоў.

 

Вінцук Адважны пражыў 88 гадоў, але і ягонае жыццё не было простым.

 

Да беларускасці прыйшоў праз кніжкі Францішка Багушэвіча.

 

Пачаў з псеўданіма “Хлопчык з-пад Гродна”, пад якім выдаў адраджэнцкія нататачкі – шэраг публіцыстычных зваротаў “Да братоў беларусаў”, рэлігійныя вершы падпісваў сапраўдным імём, але ў літаратуру ўвайшоў як Вінцук Адважны.

 

Шмат твораў ён прысвяціў родным Альшанам.

 

Савецкая літаратура не адлюстроўвала духоўнае, парафіяльнае жыццё, якое ў 20-зы-ыя гады захоўвалася ў заходніх рэгіёнах, і яно ёсць у творах Вінцука Адважнага.

 

Калі сабраць усю літаратурную спадчыну Вінцука Адважнага, яна склала б 4-5 тамоў, але ў 600-старонкавым выданні давялося шмат чым ахвяраваць.

 

Найбольш цікавае з прозы і публіцыстыкі святара ўвайшло ў збор, апублікаваныя некаторыя фотаздымкі, затое давялося ахвяраваць байкамі і вершамі (баек у выданні няма ўвогуле, вершаў змясцілася толькі 10).

У кнізе ўпершыню апублікаваныя 3 лісты Вінцука Адважнага.

 

Ірына Багдановіч:


Язэп Германовіч  адным з нямногіх святароў практыкаваў усходні абрад.

Святарскі грэка-каталіцкі чын ён праводзіў сваім лёсам у жыццё. Гэта было тады вельмі цяжка.

І ў лістах разгортваецца драма Друйскага кляштара, які толькі адрадзіўся, і такую працу пачалі рабіць святарскую ,але ж касцёл усё роўна быў польскі і быў супраціў, канешне.

І тое, што беларускіх святароў пасля паслалі ў Харбін на місію, яны, у прыватнасці, Германовіч, разглядалі як вялікую драму заняпаду беларускага духоўнага жыцця.

Як толькі святар уваходзіў у большую беларускую свядомасць – яго  туды, на Далёкі Усход .

З ліста Язэпа Германовіча бачна, наколькі яму было там цяжка.

 

У 1948 годзе, выдадзены кітайскімі камуністычнымі уладамі НКВД, святар аказаўся ў савецкім лагеры.

Пасля вызвалення яго не пакінулі ў СССР, вымусілі ехаць у Польшчу, адкуль пазней ён перабраўся ў Лондан.

На фота:пахаванні беларускіх святароў у Лондане.

На пярэднім плане – магіла архім.Льва Гарошкі і а.Язэпа Германовіча.

 

Прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч:

Калі выпусцілі з канцлагера Язэпа Германовіча, ён  цешыўся, што доўга будзе ехаць праз Беларусь і хоць з вакна пацешыцца на родныя старонкі, але быў настолькі змучаны фізічна  і духоўна, што праспаў усю дарогу, і толькі ў Брэсце прачнуўся, выскачыў, каб купіць нешта беларускае ў кіёску, а там нічога беларускага няма… . Праўда, “Беластоцкая ніва была”…

Тое што зведалі, што адчувалі гэтыя людзі, пра што пісалі, як пісьменнікі, і сёння застаецца надзённым.

Светла і Сумна сёння, таму, што постаці Казіміра Сваяка і Вінцука Адважнага па сутнасці забытыя ў нас.

Іх жыцці і кнігі наводзяць на думку, што лёсы ўсіх,  хто змагаўся за беларускую ідэю, непазбежна абарочваюцца драмай, а то і трагедыяй.

 

Ала Петрушкевіч:

Яны неслі крыж нявер’я іншых у тое, што справа іхняя вялікая, крыж усялякіх пакутаў, зняволення, хваробаў, ахвяравалі ўсім дзеля высокай місіі, і толькі вера давала ім сілы.

Беларускі шлях ніколі не быў усланы кветкамі, гэта заўсёды быў шлях цярновы, калючы, і гэтыя цярновыя вянкі адзін і другі атрымалі, і так хораша, што сёння яны вяртаюцца да нас, каб застацца.

І нас так мала, тых, хто можа сведчыць пра ўсё гэта, таму мы павінны напэўна сведчыць замнога.

 

Фотаздымкі аўтара