Андрэй Пачобут: Я чакаў, што мне забароняць выезд, таму паспяшаўся скарыстацца з сітуацыі
Андрэю Пачобуту забаранілі выезд за мяжу, абавязалі тры разы на месяц адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі і забаранілі змяняць месца жыхарства без дазволу МУС.
Журналіста таксама папярэдзілі, што трох парушэнняў будзе дастаткова, каб ён адправіўся адбываць пакаранне “на зону”.
Андрэй Пачобут прызнаўся, што забарона на выезд з краіны нечаканасцю для яго не стала:
–Я чакаў, што дэпартамент увядзе да мяне такое абмежаванне, таму і паехаў у Варшаву, скарыстаўся з сітуацыі, каб вырашыць справы, правесці сустрэчы, пакуль мае дакументы трапяць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю.
Звычайна дакументы перадаюцца цягам тыдня, у маім выпадку гэта заняло дзень.
Але для мяне галоўнае, што я змагу ездзіць па Беларусі, выконваць свае прафесійныя абавязкі, займацца грамадскай дзейнасцю.
Абавязак Андрэя Пачобута адзначацца ў міліцыі і не змяняць месца жыхарства без дазволу было прапісана ў прысудзе.
Абскарджваць забарону на выезд за межы Беларусі журналіст не збіраецца:
–Тэарэтычна гэта магчыма, а практычна – уся мая справа – адно вялікае беззаконне.
Таму мая мэта – дабіцца, каб міжнародныя інстанцыі прызналі, што гэта палітычна матываваны прысуд.
5 ліпеня суд прызнаў карэспандэнта “Газеты выборчай” вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 ч.1 КК РБ).
20 верасня Гродзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Андрэя Пачобута і пакінуў без зменаў ранейшы прысуд: 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.