Падведзены вынікі конкурсу “Будзь у Трэцім!”

Пераможцаў вызначалі карыстальнікі інтэрнэту, якія маглі прагаласаваць за рэсурс, які найбольш ім спадабаўся, а таксама прафесійнае журы.

 

 

Удзельнікаў імпрэзы, якая праходзіла 27 верасня, вітаў дзіцячы музычны калектыў «Фантазія».

Затым пачалася прэзентацыя канкурсантаў, якія распавядалі, чым яны займаюцца і якія мэты перад сабой ставяць.

 

– “Наша суполка налічвае 20 сябраў. Галоўная наша мэта – гуманным спосабам зменшыць колькасць бадзялых жывёлаў, якіх зараз часта жорстка забіваюць”, – распавядалі прадстаўнікі створанай нядаўна арганізацыі “Адданае сэрца”.

У якасці такога гуманнага спосабу яны называлі стэрылізацыю бадзялых жывёлаў.

 

Пра планы, накіраваныя на навучанне моладзі прадпрымальніцтву, распавядаў кіраўнік установы “Еўрапейская моладзевая прадпрымальніцкая Ініцыятыва”.

 

Былі прадстаўленыя таксама адукацыйна-інтэграцыйная ініцыятыва людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, валанцёрская група «Ружовы слон», якая працуе з дзецьмі-сіротамі, інтэрнэт-кампанія гарадзенскіх майстрыц хэнд-мэйду, якія зладзілі аўкцыён, сродкі ад якога пайшлі на ратаванне хворага хлопчыка.

 

Грунтоўныя прэзентацыі падрыхтаваў кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі «Аховы птушак Бацькаўшчыны», а таксама ініцыятары кампаній «Чысты лес – Чысты розум» і «ВелаГродна».

 

Нарэшце надыйшоў час агалошвання вынікаў конкурсу.

>

У намінацыі “Лепшы інтэрнэт-рэсурс, які папулярызуе ідэю грамадскай актыўнасці” пераможцамі па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў стаў сайт “Вела-Гродна”.

 

Яго стваральнікі адзначылі, што спадзяваліся на высокае месца, але перамога была прыемна нечаканай, таму што сайт малады.

 

Другое месца ў гэтай намінацыі заняла “Еўрапейская моладзевая прадпрымальніцкая ініцыятыва”.

 

Трэцяе месца дасталося сайту назірання за птушкамі, створанага актывістамі грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

 

А вось па версіі прафесійнага журы сайт BirdWatch.by заняў першае месца, апярэдзіўшы на некалькі балаў “Вела-Гродна”.

 

Трэцяе месца дасталося сайту “Дзеці і Бацькі Гродна”.

 

У намінацы “Лепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія, скіраваная на вырашэнне праблем супольнасці” перамаглі кампаніі гарадзенскіх веласіпедыстаў «Крытычная маса» і «Бардзюрная пятніца».

 

Другое месца ў гарадзенскага грамадскага аб’яднання “Адданае сэрца”, а трэцяе – у актывістаў кампаніі «Чысты лес-Чысты розум».

 

Усе канкурсанты атрымалі дыпломы, а пераможцаў узнагародзілі арыгінальнымі статуэткамі і прызамі.

 

Арганізатары конкурсу – сябры грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці Сектар”, плануюць зрабіць гэтае мерапрыемства традыцыйным.

 

Фота: Ганка Марза, Хрысціна Марчук