Гарадзенцы атрымалі ордэн за перамогу ў фотатурніры

|

Гродзенская каманда Алоха! – ўдзельнік міжнародных фотагульняў напрыканцы верасня выйграла міжнародны фотатурнір імя Братоў Стругацкіх, што ладзіўся міжнароднай сеткай Энкаўнтэр.


За гэта каманда атрымала ордэн ІІ ступені – “Мега мозг”, грашовую прэмію і прызы ад спонсараў турніра.

 

На працягу месяца гарадзенцы прынялі ўдзел у 4 розных гульнях на тэму фантастыкі.

 

Распавядае Аляксей Ласевіч (http://losevich.com/), гарадзенскі фатограф, адзін з арганізатараў гарадзенскай каманды:

 

– У першую гульню мы патрапілі выпадкова, але потым, калі даведаліся, што гэта гульня з’яўляецца часткай вялікага турніру і за гэта даюць ордэн – пачалі выкладацца напоўніцу.

 

Таму што ордэн – гэта вельмі пачэсная і ганаровая для ўдзельнікаў праекта Энкаўнтэр узнагарода.

 

Апошнія дзьве гульні мы мэтанакіравана ішлі на перамогу: прыцягвалі гарадзенцаў, здымалі адмысловую студыю, здымалі на гарадзенскіх вуліцах.

>

Выказваем падзяку гарадзенцам, што нам дапамагалі: і візажыстам, і простым жыхарам, што дапамагалі нам з абсталяваннем і розным рыштункам.

 

Адразу скажу, што сама гульня нам далася вельмі цяжка: гэта канец лета – пачатак восені, у прадстаўнікоў каманды вельмі шмат працы.

 

Гульня, зразумела, забірала шмат вольнага часу, аднак мы перамаглі. Апроч гэтага, цяжкасці выклікала асэнсаванне таго, што гэта фантастыка і ў кожнага сваё ўспрыманне яе.

 

На нашых працах – простыя гарадзенцы – удзельнікі нашай каманды. І на адным са здымкаў можна здалёк убачыць галоўнае гарадзенскае прадпрыемства “Азот”.

– Сама гульня – кажа Аляксей, – вельмі развівае чалавека ў разных галінах: пачынаючы з задумкі самога сюжэта, пошука патрэбнага месца для здымкаў, пошука патрэбных рэчаў, сканчаючы стварэннем патрэбных рэчаў з дасяжнага матэр’ялу.

 

Увогуле, пад час гульні ствараецца каманда. І не з’яўляецца пытанняў, хто і што павінен рабіць. Збіраемся разам і ўсё робім разам.

 

А самыя здымкі рабіліся ў экстрэмальных умовах, якія не прымальныя для звычайнай фотаздымкі: – адсутнасць святла, патрэбнага абсталявання і гэтак далей.

Па выніках гульні ў Санкт-Пецярбургу, у арт-клубе “Кнігі і кава” на працягу бліжэйшага месяца адбываецца выстава, дзе выстаўленыя працы лепшых удзельнікаў гэтага турніру. У іх ліку і здымкі гарадзенскай каманды Алоха!