“Сто гадоў адзіноты” – першы пуцяводнік па Гродзенскай крэпасці

|

Дз.Люцік:

Вельмі хацелася нешта зрабіць для папулярызацыі гродзенскай крэпасці, бо не раз сутыкаўся з тым, што мясцовыя жыхары ўвогуле не ведаюць пра яе існаванне.

Пра Брэсцкую крэпасць ведаюць усе, пра Гродзенскую – ніхто.

Я заняўся вывучэннем гродзенскай крэпасці яшчэ ў 1999 годзе, калі сам быў навучэнцам. Спачатку проста лазіў па фартах, пасля, ужо ва ўніверсітэце, стаў вывучаць, дабраўся да архіваў, у тым ліку маскоўскага, знайшоў нямецкія матэрыялы, успаміны ўдзельнікаў штурму.


Дзмітрый Люцік працаваў у тандэме з прыватным прадпрымальнікам Аляксандрам Семянчуком:

 

Тры гады мы разам збіралі матэрыялы.

Аляксандр не гісторык, ён займаўся пашуковай формай дзейнасці, часта выязджаў на месца. Пасля мы рабілі схемы, планы.

Непасрэдная праца над выданнем пачалася ў мінулым сакавіку.

Дз.Люцік:

Мы былі ў гарвыканкаме, у камітэце па турызме.

Там спачатку нібыта зацікавіліся, але пазней сказалі, што няма грошай. Можа гораду гэта не патрэбна?

Адзіны спонсар, якога мы знайшлі, гэта мясакамбінат, які і выдаў пуцяводнік.


Увесь наклад, 1000 асобнікаў, цяпер уласнасць мясакамбіната.

Якім чынам пуцяводнік будзе распаўсюджвацца, яго аўтары не ведаюць.

 

Пуцяводнік атрымаўся маляўнічым, аздоблены фотаздымкамі, малюнкамі, мапамі, напісаны папулярнай мовай, без выкарыстання груваздкай тэрміналогіі.

Ён прысвечаны не толькі крэпасці, але гісторыі фартыфікацыйных умацаванняў Гродна пачынаючы з 11 стагоддзя.

У другой частцы выдання – апісанне кожнага з 13 фартоў (як праехаць, што там можна ўбачыць, асобы, звязаныя з гэтым месцам, успаміны, мапы і г.д.).

 

Дз.Люцік:

Усяго ў крэпасці больш за 200 аб’ектаў: 13 фартоў, 6 парахавых склепаў (2 з іх цэлыя), умацаваныя пункты, назіральныя пункты, бліндажы для афіцэраў і асабовага складу…

Не ўсе яны ўзводзіліся ў царскія часы, часткова дабудоўваліся ўжо немцамі, падчас акупацыі.


Мапа фартоў у пуцяводніку суправаджаецца GPS навігатарам.

Аўтары паклапаціліся пра тое, каб гарадзенскія фарты маглі стаць месцам для цікавага і карыснага сямейнага адпачынку.