Паміж летнім і зімовым часам

|

Шматгадовыя спрэчкі пра карысць і шкоду ад змены часу двойчы на год скончыліся 15 верасня.

У гэты дзень Саўмін зацвердзіў пастанову ўрада, паводле якой час ў Беларусі будзе адлічвацца ў адпаведнасці з міжнароднай сістэмай часавых паясоў па паясным часе +1 гадзіна без перавода на сезонны час.

Рашэнне беларускага ўраду было прынятае адразу пасля адмовы ад пераводу гадзіннікаў у Расіі.

Беларусы, з большага, здаецца засталіся задаволеныя.

У суседняй Украіне, якая таксама вырашыла застацца на летнім часе, сітуацыя выглядае не такой простай.

Не паспела Вярхоўная рада прыняць адпаведнае рашэнне, як Закарпацкая абласная рада выказалася катэгарычна супраць яго.

 

У звароце дэпутатаў да старшыні Вярхоўнай рады адзначаецца, што Закарпацце, самы заходні рэгіён Украіны, знаходзіцца на мяжы часавых паясоў GМТ +1 (сярэднееўрапейскі час) і GМТ +2.

Пераход у трэці часавы пояс для нашай вобласці, якая многія стагоддзі жыла па сярэднееўрапейскім часе, і геаграфічна, і эканамічна з’яўляецца неабгрунтаваным.

Пры захаванні новага парадку светлы час сутак у нашым рэгіёне ў зімовы перыяд будзе пачынацца каля 10 гадзін раніцы”, – пішуць дэпутаты.

 

Дэпутаты таксама выказваюць заклапочанасць уплывам летняга часу на здароўе насельніцтва і супрацоўніцтва з суседнімі еўрапейскімі краінамі.

Калі Вярхоўная рада не зменіць сваё рашэнне, старшыня Закарпацкай рады абяцае вырашаць пытанне праз увядзенне рэгіянальнага часу.

 

На бок нязгодных стаў міністр МНС Украіны Віктар Балога.

На ягоны погляд негатыўныя наступствы адмены зімовага часу закрануць інтарэсы мільёнаў украінцаў, таму гэтае пытанне можа стаць прадметам судовага разбіральніцтва.

На думку міністра, найбольш аргументаў за захаванне зімовага, а не летняга часу.

Іх выказвалі і навукоўцы, і эксперты, і грамадскія лідэры, і журналісты.

Дарэчы, Грузія і краіны Цэнтральнай Азіі  апошнія гады жывуць менавіта па зімовым часе.

 

Іншая суседка Беларусі, Літва, незадаволена менавіта з таго, што ў апошнія выходныя кастрычніка зноў пераходзіць на зімовы час.

Аднак у гэтым пытанні краіна залежыць ад рашэння Еўракамісіі.

Яшчэ вясной парламент Літвы прыняў пастанову аб неабходнасці звярнуцца ў ЕС за дазволам не пераходзіць на сезонны час.

Літоўскі ўрад гэтага не зрабіў, а Еўракамісія працягнула дзеянне дырэктывы аб сезонным часе да 2016 года.

Значыць пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў у Літве будуць яшчэ як мінімум 5 гадоў. Як і ў іншых краінах-суседках  Беларусі  – Польшчы і Латвіі.

 

Практыка сезоннай змены часу застаецца больш чым у ста краінах.

І ўсё больш краін ад яе адмаўляюцца.

Некаторыя знаходзяць цікавую альтэрнатыву:  пачынаюць працоўны дзень летам раней, чым зімой.

У Японіі складаная і адказная праца (напрыклад,  іспыты) пачынаецца не раней, чым праз 2 гадзіны пасля ўзыходу сонца.