Кастусь Жынь: гісторыя майго роду ад 1908 да 1950-я гг.

|

Калі пачалася рэформа зямлі (у 1908 г. адбылася Сталыпінская рэформа), як казала мая прабабка, прадзед купіў 20 аршынаў зямлі за адну курыцу. Іван Іванавіч Жынь атрымаў зямлю на хутары Мікулічы, які знаходзіцца недалёка ад Глыбокага.

 

На хутары было ўсяго 5 хат, і ўсе яны належалі роду Жынёў. Я падняў дакументы свайго прадзеда, і там пазначалася, што з 1908 па 1956 гг. ён павінен быў плаціць за сваю зямлю 55 рублёў у год. Калі пераязджалі сюды, на новае месца, ў 1908 г. прадзед пасадзіў тут дуб, які і сёння стаіць.

 

У майго прадзеда Івана было 4 сыны: Іосіф, Іван – мой дзед, Пракоп і Цімафей. Яны жылі ўсе разам на гэтым хутары. Мой дзед нарадзіўся ў 1894 г. А ў 1914 г. яго забралі, як і дзеда Іосіфа, на вайну. Іх адправілі на паўднёва-заходні фронт пад камандванне генерала Брусілава. Дзеда Іосіфа потым перавялі ў Румынію, ён быў падпаруччыкам рускай арміі. А мой дзед Іван трапіў у медсанбат. Таму і выжыў. Ён часам узгадваў, як яны ваявалі ў Карпатах.

>

Цімафей і Пракоп былі тады яшчэ занадта маладыя, таму іх не прызвалі на вайну і яны засталіся на гаспадарцы.

 

Дзед Іосіф быў прыхільнікам сацыял-дэмакратаў – бальшавікоў. Ён увайшоў у склад Дзісненскага савета салдацкіх рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Так і пайшоў па гэтай дарозе, якая ў выніку звяла яго з гэтага свету.

 

Пакуль мае два дзяды ваявалі, Пракоп і Цімафей ажаніліся на каталічках.

 

Пасля падпісання Рыжскай дамовы хутар увайшоў у склад Польшчы. Дзед Іосіф быў бальшавіком, ім і застаўся і справы гэтай не пакідаў. Ён быў адукаваным чалавекам і гуляў двайную ролю: на хутар прыязджаў і хадзіў тут у форме польскага афіцэра.

 

Але часам хадзіў у Савецкую Беларусь, і даволі ўдала хадзіў. Пэўна, меў там кантакты, як дзед расказваў. Наколькі я зразумеў, Іосіф працаваў у ГПУ. Мой дзед, па вядомых прычынах, баяўся пра гэта расказваць.

 

Фота