Заўтра па ўсёй Беларусі будуць збіраць смецце ў лясах

|

Уладзімір Паўлавіч Гарохаў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Гродзенскага лясгаса:

Заўтра добраахвотнікі будуць збіраць смецце ў раёне парка ў Румлёве, у раёне 4-ай бальніцы і ў Ласосна. Гэта будуць у асноўным прадстаўнікі навучальных установаў.

У Пышках сёння прыбіраюць вучні СШ№23, ліцэй ужо сабраў смецце ў двух лясных масівах у раёне Фартоў: 50-60 чалавек прайшлі ланцугом.

Людзі адгукаюцца, у нас ужо складаецца традыцыя прыбіраць у лесе, людзі пачынаюць усведамляць, што нельга смецце кідаць, каб самому па ім пасля не хадзіць.


Гродзенскі лясгас аб’ядноўвае тэрыторыю каля 60 тысяч гектараў.

Лясніцтвы вызначылі найбольш праблемныя месцы, прыбраць якія папросяць дапамагчы добраахвотнікаў.

Часта найбольш смецця збіраецца ў лясах вакол таварыстваў садаводаў, хаця па статуце сябры таварыства адказваюць за чысціню тэрыторыі навокал.

За паўтары месяцы працы ў прыгарадзе Гродна экалагічны атрад летась сабраў больш за 500 кубаметраў смецця – каля 100 вагонаў.

Да гэтага аб’ёму трэба яшчэ дадаць смецце, якое штодня прыбіраюць супрацоўнікі лясгаса, валанцёры, удзельнікі суботнікаў…

 

Сёлета больш за 3700 беларусаў прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці за засмечванне леса.

У параўнанні з мінулым годам колькасць парушальнікаў павялічылася ў 4,2 раза.

 

Ахвотныя далучыцца да акцыі “Чысты лес” у Гродзенскім раёне, могуць звярнуцца ў бліжэйшыя лясніцтвы:

– Аўгустоўскае – в.Сонічы тэл.99-23-60

-Гожскае – в.Гожа тэл.93-72-49

-Гродзенскае – в.Багушоўка тэл.96-60-09

-Індурскае –в.Індура тэл. 96-29-15

-Нёманскае – г.Гродна тэл.52-45-10

-Сапоцкінскае -тэл.99-23-60