Немагчымае магчыма
Сярод яе удзельнікаў апынуліся некалькі хлопцаў і дзяўчынак з нашага горада.
“Пошук” – звычайная “экшан-гульня”. Тыя, хто ў ёй удзельнічае, павінны спачатку здагадацца, якая кропка горада зашыфравана ў атрыманым імі заданні, а потым, як мага хутчэй дабрацца туды, каб атрымаць напрамак да наступнага пункту прызначэння.
На першы погляд, усё як звычайна: за права называцца пераможцамі пачалі змагацца 5 каманд, у складзе кожнай 4 або 5 удзельнікаў. Але многія з іх “асаблівыя”, бо з’яўляюцца прадстаўнікамі разнастайных меншасцяў: нацыянальных, сэксуальных, людзей с фізічнымі асаблівасцямі альбо нейкіх маладзёвых субкультур.
Пра асноўную мэту праекта распавядае адзін з арганізатараў гульні, кіраўнік праваабарончага праэкту “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка:
– Мы вырашылі сабраць розных людей, каб паказаць усім, што для сумеснай дзейнасці няма перашкодаў. Асабісты кантакт можа дапамагчы пераадолець мажлівыя забабоны – кажа наш суразмоўца. І, як па мне, мы справіліся! – дадае ён.
Спачатку гульні камандам прапанавалі пазнаёміцца. Кожная павінна была прыдумаць для сябе гімн, дэвіз і кароткую самапрэзентацыю. Пасля чаго ўсе удзельнікі атрымалі прыгожыя рознакаляровыя майкі з надпісам “tolerance” (талерантнасць) і нарэшце прыступілі да самой гульні.
Самым арыгінальным, на думку большасці юнакоў і дзяўчат, было заданне, калі замест падказкі ім прапанавалі бутэлечку з малаком, маючы на ўвазе бар з такой назвай. Самым складаным жа – адшукаць парк “Дружбы народаў”, у якім, па падказцы, любяць гуляць арганізатары разам з сябрамі-замежнікамі.
– На маю думку, вельмі добра, што мы змаглі дакрануцца да гісторыі Мінска – распавядае адзін з удзельнікаў і дадае, што шмат заданняў было арганічна звязана з гістарычнымі месцамі сталіцы.
– Але Гродна, у гэтым плане, мог бы даць “фору” ўсім іншым гарадам!- упэўнены ён.
Наш суразмоўца падкрэслівае, што яго прыемна здзівіла стаўленне да яго, як да нармальнага “свайго чалавека” з боку ўсялякіх там нефармалаў”.
– Проста “звычайным” людзям, у лепшым выпадку, трэба прывыкнуць, што я хажу “на каленях” і езджу на калясцы – распавядае гарадзенец.
Нягледзячы на тое, што некаторыя з маладых людзей карысталіся інваліднымі каляскамі, правілы гульні дазвалялі ездзіць толькі на грамадзкім транспарце.
– Мне было складана – прызнае ўдзельніца з Гародні. Яна вельмі хвалявалася з-за адсутнасці “безбар’ернага асяроддзя”, бо ўдзельнікі яе каманды мусілі заносіць яе ў метро, або трамвай.
– Здавалася, што ад мяне ў каманды больш праблем, чым карысці. Але, з іншага боку, калі мы самі, хай нават такім чынам, не будзем звяртаць увагу на нашыя праблемы, яны не будуць вырашацца ніколі – распавядае дзяўчына.
Яна ўпэўнена, што мерапрыемствы, падобныя да тых, у якім яна паўдзельнічала – вельмі важныя і патрэбныя. Цяпер яна марыць зладзіць нешта падобнае ў Гародні.
Некаторыя удзельнікі гульні ў Мінску разгубіліся ў нейкі момант і не здолелі яе скончыць. Але такіх было не шмат. Астатнія ж прызнаюць, што вопыт не быў дарэмным.
Хтосьці змяніў у лепшы бок свае стаўленне да геяў і лесбіянак, іншыя навучыліся кіраваць інваліднымі каляскамі. Усе радаваліся атрыманым дыпломам, падарункам і мноству новых знаёмых, тым самым даказваючы кожнаму і самім сабе, што немагчымае магчыма.
Фота: gaybelarus.by