Міліцыя ўжо 10 дзён не вяртае грамадскаму актывісту аўтамабіль

|

Распавядае Сяргей Трафімчык:

 

– “А 13-й гадзіне 7-га кастрычніка каля Мастоў мяне прыпынілі супрацоўнікі ДАІ.

 

Адзін з іх праверыў дакуманты, і, не аддаючы іх у рукі, папрасіў дагледзець машыну. Я спытаўся, – на якой падставе?

 

Ад даішнікаў прагучаў адказ: ёсць арыенціроўка на такую машыну. Нібыта 6-га кастрычніка ў адной з вёсак Мастоўскага раёна быў здзейснены крадзеж у нейкай жанчыны (скралі грошы) і злодзеі былі на падобнай машыне.

 

Я запатрабаваў азнаёміцца з арыенціроўкай і сказаў, што дагляд машыны можа быць праведзены толькі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Дзесьці праз 40-50 хвілін прыехала следчая група, прывезлі паперы.

 

Праўда, на санкцыі на дагляд не было ні подпісу пракурора, ні пячаткі, але настойліва тлумачылі, што па працэдуры дастаткова вуснай санкцыі, подпіс можа быць пастаўлены пасля.

 

Пасля гэтага яны запынілі іншую машыну, там ехалі жанчына і нейкі малады мужычок, іх прыцягнулі ў якасці панятых, і правялі дагляд.

 

У багажніку маёй машыны знайшлі газеты “Новы час”, бюлетэнь “Рэгіянальны кур’ер”, некалькі малюнкаў, падобных на карыкатуры.

 

У салоне быў пакунак з рэкламай “Радыё Рацыя”.

 

Быў скаладзены пратакол аб выняцці гэтых матэрыялаў і мы паехалі разам у РАУС.

 

Там давялося чакаць дзесьці каля гадзіны. Тлумачэнні даваць я адмовіўся, і мне выпісалі позву на 8-га, на 11 гадзін, але не адпускалі.

 

Потым прыйшоў міліцыянт, які праводзіў дагляд машыны, прынёс другую санкцыю на паўторны даглад, ужо з подпісам і пячаткай.

 

Знайшлі яшчэ пакеты з лагатыпам БЕЛСАТу, некалькі ўлётак “Вярніце “Аўтарадыё”, а пасля пачалі апячатваць машыну.

 

Санкцыя была на дагляд машыны, а ў мяне ў сумцы на плячы быў нэтбук, то ён пад дзеянне санкцыі не падпадаў.

 

Міліцыянт пачаў патрабаваць, каб я яго аддаў. Я не пагаджаўся, то ён прыгразіў, што зачыняць мяне ў ізалятар на 12-ць гадзін і ўсё роўна ўсе рэчы забяруць.

 

За апошнія дні мала што змянілася: уладальнік машыны (бо машына не мне належыць) датэлефанаваўся ў міліцыю, дзе яму адказалі, што ніякай інфармацыі даць ня могуць, бо справай займаецца КДБ.

 

На другі дзень – 8-га кастычніка, міліцыянт, што мяне апытваў (ужо трэці міліцыянт па ліку, кожны раз былі іншыя), цікавіўся, ці знаёмы я з такім артыкулам як “Абраза прэзідэнта” (яны ў карыкатурах угледзелі такую крамолу).

 

Хутчэй за ўсё, улады проста будуць цягнуць час, каб у мяне было менш магчымасцяў перасоўвацца па рэгіёне.

 

Я са свайго боку буду раіцца з юрыстамі, каб з іх дапамогай скласці скаргу на дзеянні ўладаў”.

 

Фота з асабістага архіву аўтара