Гарадзенцы хочуць вывучаць польскую мову
Чым прываблівае польская мова гарадзенцаў?
Асноўная катэгорыя навучэнцаў ліцэя – школьнікі старэйшых класаў. Сярод іх галоўным чынам тыя, хто мае польскія карані, а таму і надзею атрымаць “Карту паляка” (адно з патрабаванняў да яе атрымання – веданне польскай мовы). Большасць такіх навучэнцаў спадзяецца працягваць вучобу ў Польшчы. Гэта шанец на атрыманне дыплому аб вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзору, забеспячэнне месцам у інтэрнаце на час навучання і неблагая стыпендыя ад польскага ўраду.
Сярод жадаючых вывучаць польскую мову нямала і гродзенскіх студэнтаў. Частка з іх марыць змяніць беларускую alma mater і атрымаць накіраванне ў ВНУ Польшчы.
Ёсць студэнты, якім валоданне польскай мовай неабходна для наведвання шматлікіх навуковых і асветніцкіх канферэнцый у польскіх ВНУ, з якімі цесна супрацоўнічае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Але ёсць і студэнты, якія хочуць палепшыць свае “лінгвістычныя здольнасці” для будучага бізнэсу, звязанага, напрыклад, з гандлем паміж Беларуссю і Польшчай.
Гэтая матывацыя перагукаецца з матывацыяй дарослых навучэнцаў, колькасць якіх у ліцэі апошнім часам хутка расце.
У адной аўдыторыі могуць сабрацца і бізнэсмэны, і настаўнікі, якія плануюць працаваць у 36-ай сярэдняй школе з польскай мовай навучання, і гаспадыні, чыя дзеці наведваюць гэтую самую школу, а таксама ўсе тыя, каго просто цікавіць польская мова, гісторыя і культура.
Істотнай матывацыяй навучання сярод дарослых з’яўляецца ўжо згаданая “Карта паляка”. Яна, нягледзячы на ўзніклыя апошнім часам сур’ёзныя спрэчкі наконт адпаведнасці беларускаму і міжнароднаму заканадаўству, вабіць ільготамі, якія дае ў Польшчы палякам замежжа. У інтарэсах кандыдатаў на атрыманне “Карты паляка” “Польска Мацеж Школьна” стварыла нават так званыя “эфектыўныя” групы, навучэнцы якіх праходзяць гадавую праграму за 6 месяцаў.
Дзейнасць “Польскай Мацежы Школьнай” у Гродне мае шмат кірункаў, а матывы ў людзей да вывучэння польскай мовы зусім розныя. Але, як адзначана на афіцыйным сайце арганізацыі, агульнай мэтай стварэння польскамоўнага ліцэя з’яўляецца “пашырэнне польскамоўнай асветы ў Беларусі ў нацыянальным, хрысціянскім і грамадзянскім духу”, што, нягледзячы на чутныя часам абвінавачванні ў “апалячванні” беларусаў, здаецца карысным для культурнага развіцця гарадзенцаў і іх светапогляду.
Фота аўтара