А як ты адзначыш Дзяды?
Хутка Дзяды – дзень памяці продкаў. Гэты народны памiнальны абрад паходзiць ад дахрысцiянскага ўсходнеславянскага звычаю трызны. Лiчыцца, што ў гэты дзень душы памёршых прыходзяць да жывых, глядзяць на сваiх нашчадкаў, радуючыся за iх поспехi i сумуюць, калi ў хаце штосьцi робiцца не так.
Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні, у залежнасьці ад мясцовасьці па некалькі разоў на год, часьцей вясной і ўвосень. Галоўнымі былі Зьмітраўскія Дзяды (асяніны) у суботу перад Зьмітравым днём (26 кастрычніка паводле старога стылю), а таксама на радаўніцу, перад масьленіцай, сёмухай.
На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы. Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч: лічылася, што душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды, трэба пачаставаць. А пасьля вячэры са стала не прыбіралі — для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.
Як беларусы святкуюць Дзяды сёння? Мала што засталося ад цяплыні і шчырасці, з якой да гэтага свята ставіліся нашыя продкі. Бо нашыя продкі шанавалі сваіх дзядоў ды прадзедаў.
Цi помнiм мы сваiх дзядоў-прадзедаў? Цi можам адшукаць свае каранi ў радаводным дрэве Беларусi? Добра, калі сучаснік ўзгадае прозвішча і імя свайго дзеда ці прадзеда.
Як штогод у Гродне на Дзяды веруючыя з малітвай накіруюцца на могілкі, дзе запаляць знічку, пакінуць пачастунак і ў думках аддзякуюць як нашчадкі за тое, што маюць. “Прасунутая” моладзь нацягне на галаву тыкву і “завісне” у бліжэйшым начным клубе, каб адзначыць Хэлоўін. Апазіцыйныя жа маладзёны пройдуцца з гітаркай і знічкамі да помнікаў Грунвальду, да вуліцы М. Васілька, да дома М. Багдановіча.
А што ў гэты дзень зробіш ты?