Шанец альбо «кот у мяху»?

|

– Вырашыла з мужам набыць надзейную лядоўню сучасным спосабам – праз інтэрнэт-краму пачала свой аповед спадарыня Тамара, прызнаючыся, што ёй параілі: праз інтэрнэт набываць таней, чым у звычайнай краме.

– Заказ прыйшоў хутка і 20 верасня лядоўня BOSCH ужо красавалася на маёй кухні.


Пакупніцу збянтэжыла, аднак, тое, што дастаўшчыкі не пакінулі чэк за тавар, ды і гарантыйны талон выдалі нейкага дзіўнага ўзору.

Пасля ўключэння ў сетку лядоўня пачала выдаваць раздражняльныя гукі падобныя на квахтанне курэй, рык кароў і г.п.

 

– Я звярнула таксама ўвагу на тое, што з халадзільнай камеры выходзіць холад, бо гумка няшчыльна прылягае да лядоўні – скардзіцца жанчына.

 

Зразумеўшы, што атрымала няякасны тавар, пакупніца патэлефанавала да прадаўца.

 

Той даў ёй нумары тэлефонаў сэрвісных цэнтраў (СЦ), якія абслугоўваюць BOSCH.

 

– Я дазванілася ў сэрвісны цэнтр “Салбі-Плюс” – распавядае Тамара і дадае, што ў выніку размовы высветлілася, што атрыманы ад інтэрнэт-крамы гарантыйны талон не адпавядае патрабаванням, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.

 

Жанчына ізноў патэлефанавала ў краму і запатрабавала гарантыйны талон, які адпавядае беларускім нормам. Пасля непрацяглай спрэчкі і прапаноў выклікаць майстра да хаты за свой кошт, дырэктар інтэрнэт-крамы згадзіўся пераслаць Тамары сапраўдны гарантыйны талон.

 

– Прайшло 2 тыдні – гарантыйнага талона няма – не хавае расчаравання жанчына.

 

Стомленная ад  чаканняў, яна вырашыла адмовіцца ад лядоўні, пра што паведаміла дырэктару крамы. Аднак той заявіў, што не возьме назад лядоўню, бо ніхто не захоча яе, няспраўную і былую ва ўжыванні, купіць.

 

– Я не вытрымала і паабяцала, што паскарджуся  ў «Таварыства абароны правоў спажыўцоў», а таксама звярнуся да журналістаў, каб усе даведаліся пра нядобрасумленнага прадаўца – здраджвае выкарыстаную “ваенную” хітрасць Тамара і хваліцца, што, пачуўшы пагрозу быць скампраметаваным, дырэктар паабяцаў вырашыць праблему на працягу тыдня.

 

– Будзем чакаць вынікаў. Час яны вызначылі самі: з 17 па 21 кастрычніка – завяршае свой аповед нашая гераіня.

 

Мы пацікавіліся, што пра закранутую Тамарай праблему мяркуюць карыстальнікі Гродзенскага інтэрнэт-форума.

 

Высветлілася: шмат хто з іх бачыць плюсы ў набыцці тавараў праз інтэрнэт, бо гэта зручна: эканоміць час, тавар атрымліваецца таннейшы, чым у краме ці на рынку.

Аднак мінусаў назбіралася больш. Пакупнікі скардзяцца, што сапраўдны час дастаўкі больш працяглы, чым абяцаюць, часта прывозяць не тую мадэль або няякасны тавар. Здараецца таксама тое, з чым сутыкнулася Тамара – няправільнае запаўненне гарантыйных папераў альбо нявыдача дакументаў, якія пацвярджаюць кошт пакупкі.

 

Каб перасцерагчы спажыўцоў ад памылак пры набыцці бытавой тэхнікі, мы звярнуліся па парады да майстра СЦ «Салбі-Плюс».

 

Вось што ён парэкамендаваў рабіць перад тым, як набыць бытавую тэхніку:

 

1) пацікавіцца ў прадаўца, дзе знаходзіцца СЦ па абслугоўванні тэхнікі дадзенай фірмы, не палянавацца і патэлефанаваць туды, каб  удакладніць у дыспетчара магчымасці гарантыйнага рамонту прыбора;

 

2) звярнуць увагу на правільнасць запаўнення гарантыйнага талона і наяўнасць пячатак прадаўца;

 

3) праверыць працаздольнасць, камплектацыю, вонкавы выгляд тэхнікі ў краме.

 

І памятайце: тэхніка набытая за мяжой, губляе гарантыю на тэрыторыі Беларусі.