“Захаваўшы жыццё”: выстава да 70-годдзя мучаніцкай смерці св.Максімільяна Кольбэ
Аўтар выставы, намеснік дырэктара музея па навуцы Ігар Ганчарук:
–Выстава прысвечана 70-годдзю з дня мучаніцкай смерці св.Максімільяна Колбэ, які ў жудасных умовах у Асвенцыме паказаў, што жыццё чалавека нешта вартаснае, што няма большай любові, чым ахвяраваць жыццё за чалавека, як гэта зрабіў і сам Хрыстос.
Паколькі святы Максімільян быў манахам-францысканцам, на выставе мы крыху распавядаем пра сам ордэн, змяшчаем матэрыялы, прысвечаныя Гродзенскаму кляштару францысканцаў, дзе святы працаваў з 1922 да 1927 года: друкаваныя і рукапісныя парафіяльныя кнігі, статуты манаскага ордэну, імшалы.
Асноўная частка выставы прысвечана жыццю і дзейнасці Максімільяна Колбэ. Гэта фотаздымкі, значкі, часопісы, якія ён выдаваў, медальёны…
Сёння ў межах святкавання 20-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі ў францысканскім касцёле Маці Божай Анёльскай асвячаны абраз з выявай св.Максімільяна і Маці Божай Анёльскай, і фігура Маці Божай Беззаганнай, якую пры жыцці шанаваў святы.
Святар Максімільян Кольбе, адпраўлены гестапа ў Асвенцым, дабраахвотна пайшоў на смерць замест польскага сяржанта Францішка Гаёўнічка.
Святар, разам з іншымі вязнямі быў асуджаны на пакутніцкую смерць ад голаду.
Айцец Максімільян з трыма іншымі смертнікамі пражыў тры тыдні, пасля чаго ім зрабілі смяротныя ін’екцыі.
Цела Максімільяна Колбэ спалілі.
У 1982 годзе святар-францысканец быў кананізаваны.
На ўрачыстасцях прысутнічаў выратаваны святым Францішак Гаёўнічак.