“Малады Фронт” заступіўся за Таццяну Касатую
Ліст з папярэджаннем супрацоўнікам Купалаўскага універсітэту, якія, на думку аўтараў звароту, з’яўляюцца адказнымі за адлічэнне аспіранткі кафедры славянскіх дзяржаў гістфаку, з’явіўся на сайце “Маладога фронту”.
І сама Таццяна, і грамадскія актывісты звязваюць рашэнне аб адлічэнні дзяўчыны з актыўнай грамадскай дзейнасцю дзяўчыны.
Аўтары ліста аднаўляюць паслядоўнасць падзеяў:
– Таццяна тры гады адпрацавала малодшым навуковым супрацоўнікам Гродзенскага Гісторыка-археалагічнага музея. Пасля выбараў адміністрацыя музея (у асобе дырэктара Юрыя Кітуркі) папярэдзіла дзяўчыну, што пры любым парушэнні дысцыпліны яе звольняць. Паколькі парушэнняў так і не было, яна працавала да заканчэння кантракта, які так і не працягнулі.
Адначасова Таццяна была аспіранткай на кафедры славянскіх дзяржаваў Гістфаку ГрДУ, дзе працавала над тэмай “Дзейнасць евангельскіх хрысціян-баптыстаў у БССР. 1941-1991 гг.” (навуковы кіраўнік – Чарапіца В.М.).
Аднак раптоўна, восенню гэтага году Таццяна не праходзіць атэстацыі на кафедры. Універсітэцкая атэстацыйная камісія большасцю галасоў (рашучыя галасы належылі акурат Ярмусіку, Чарапіцу, Нечухрыну) паццвярджае выключэнне Таццяны.
І вось, у рэшце рэшт адмыслова створаная камісія па разглядзе апеляцыі аспіранткі, замацоўвае ўсе папярэднія рашэнні (тут трэба падзякаваць дэкану юрфаку Сільчанку, прарэктару Хацкевічу, і зноў жа загадчыку кафедры славянскіх дзяржаваў Чарапіцу).
Таццяна Касатая распавядае, што яшчэ месяц таму навуковы кіраўнік прапанаваў ёй, як занадта актыўнай у грамадскім і палітычным жыцці, сысці з аспірантуры самой, па ўласным жаданні альбо па стане здароўя, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку атэстацыю яна не пройдзе. Дзяўчына рызыкнула, і ў выніку была выключана з аспірантуры на падставе невыканання плана.
Таццяна Касатая:
– У плане ў мяне была пазначана праца над трэцяй главой. Я прадставіла свае навуковыя працы за апошні год, мае артыкулы па тэме, але ад мяне запатрабавалі тэкст главы.
Таццяна выказала нязгоду з рашэннем паседжання кафедры, папрасіла склікаць атэстацыйную камісію Савета факультэту.
Аспірантка прадставілі водгукі на свае працы за апошні год ад гродзенскіх, віцебскіх гісторыкаў, супрацоўнікаў Варшаўскага ўніверсітэту, Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
– Калегі напісалі водгукі на мае працы, да якіх былі прэтэнзіі ў майго навуковага кіраўніка, і гэта выклікала вельмі нервовую рэакцыю з яго боку.
Ён вінаваціў мяне ў тым, што я засумнівалася ў яго кампетэнцыі. Але я прадставіла гэтыя водгукі толькі для таго, каб пацвердзіць мае навуковыя магчымасці.
Рашэнне камісія прымала за зачыненымі дзвярыма. Таццяне паведамілі, што рашэнне аб яе адлічэнні з аспірантуры пакінутае ў сіле.
Таццяна Касатая:
– Я па-ранейшаму не згодна. Хутчэй за ўсё буду пісаць скаргу ў Міністэрства адукацыі.
Фота з сайта http://zapraudu.info