У кантрабандысты пайшлі нават школьнікі
З адным з іх сустрэлася карэспандэнтка “Твайго стылю”.
– Як даўно ты «катаешся» у Польшчу?
– Ужо каля 3 гадоў. Мне было 14-ць, калі я пачаў займацца перавозкамі. Захацелася стаць максімальна незалежным ад бацькоў, бо надакучыла бачыць іх незадаволеныя твары, калі я прашу ў іх грошы. Сябар прапанаваў паехаць з ім, паспрабаваць, і я зразумеў, што гэта рэальныя грошы. Можа і невялікія, але затое уласна заробленыя.
– А на што ты выдаткоўваеш заробленыя грошы?
– Частку адкладаю, а другую частку пускаю на сустрэчы з сябрамі, ну і, вядома, на каханую дзяўчыну.
– А што часцей за ўсё ты возіш?
– У асноўным, усе возяць цыгарэты ў Польшчу, а з Польшчы – вопратку і тэхніку. Калі ўсё гладка, то ў Польшчу я бяру па 4-6 блокаў цыгарэт, а назад вязу вопратку.
Мы апранаем па 2-3 пары джынсаў на сябе, па 5 свэтраў, курткі, а так як у мяне шчуплы целасклад, то я часам нават больш магу на сябе надзець. А з тэхнікай – фотаапараты, ноўтбукі, тэлевізары – звычайна ёсць праблемы, таму што на мытні прымушаюць пісаць дэкларацыю. А гэта значыць, што ты можаш перавезці такую тэхніку толькі раз у год.
– Колькі ты прыкладна зарабляеш, калі ўсё праходзіць «гладка»?
– Гэта залежыць ад таго, колькі блокаў цыгарэт ты вязеш, і колькі тавару вывозіш. Па ўдалых днях заробак можа даходзіць і да 100 даляраў. У горшым выпадку ты «пойдзеш у мінус» альбо прывязеш не больш за 15 даляраў. З перавезенага тэлевізара можна мець 80 даляраў.
– А як потым перавезены тавар у цябе забіраюць?
– Даеш свой нумар тэлефона, да цябе заязджаюць і забіраюць. Часам самому трэба пад’ехаць. З тэхнікай па-іншаму, там мала таго, што бяруць твой нумар тэлефона, дык яшчэ і робяць ксеракопію пашпарта.
– Як ставяцца твае бацькі да твайго занятку?
– Скажам так – ніяк! Мама вельмі перажывае за мяне, лічыць, што ва ўсім вінаваты мой падлеткавы ўзрост. Так яно і ёсць – у будучыні такі від заробку мне не падыходзіць.
– А што робяць мытнікі, калі знаходзяць у цябе, або ў другіх падлеткаў цыгарэты?
– Максімум – даюць штраф. Яго памер залежыць ад колькасці блокаў, якіх ты вязеш. Некаторых, аднак, заносяць “ў базу”, тады лепш забыцца пра гэтую працу. У прынцыпе, аб усім можна дамовіцца. Большага я сказаць не магу.
– Ці здараліся з табой якія-небудзь цікавыя выпадкі, звязаныя з гэтым “бізнесам”?
– Усё праходзіць звычайна аднастайна, але часам можна пасмяяцца з людзей, якія, напрыклад, апраўдваюцца на ўвесь цягнік, што «гэта не маё, гэта не маё!» (Смяецца).
А вось не вельмі смешна было, калі мне давялося ўцякаць ад памежнікаў па полі, а яны за мной, з сабакам. Добра, што тады ўсё абыйшлося.
– А можа яшчэ распавядзеш пра свае хітрыкі ў перавозцы цыгарэт?
– Не, гэта ўжо сакрэты фірмы (смяецца)!
На здымку: звычайная карціна ў цягніку Гродна-Кузьніца: ідзе “упакоўка” цыгарэт
Фота: “Народная воля”