Дзень памяці паўстанцаў прайшоў на Гродзеншчыне
Чарговы Дзень памяці адбыўся пад бела-чарвона-белымі сцягамі, гімн Магутны Божа і шматразовае “Жыве Беларусь!”.
Традыцыйна (ужо 16 год запар) ўдзячныя нашчадкі з усіх куткоў Беларусі збіраюцца ў Свіслачы.
Тут знаходзіцца адзіны на Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму, а таксама магіла брата Кастуся – Віктара.
Віктар не дажыў да паўстання ўсяго год, але менавіта ён быў ідэйным натхняльнікам Кастуся.
Да магілы Віктара ўсклалі кветкі і ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання.
>
Потым удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помнікаў паўстанцам Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.
Наступным крокам мерапрыемства было наведванне вёскі Якушоўка.
Тут жыла сям’я Каліноўскіх, але захаваліся толькі падмуркі будынку ткацкай фабрыкі бацькоў і алея, якую пасадзіў К. Каліноўскі.
У 1997 годзе актывісты дэмакратычнага руху ўсталявалі тут памятны крыж.
Мерапрыемства працягнулася ў лесе канцэртам і выставай, якую зладзілі мясцовыя мастакі.
Як і ў мінулыя разы, не абышоўся Дзень памяці без незнаёмых людзей ў штацкім.
Яны старанна здымалі ўсё мерапрыемства на вялізную відэакамеру. Але, калі іх запрасілі да агульнага фота, ветліва адмовіліся.
Фота аўтара