Гісторыя беларускага фотамастацтва на выставе ў Гродне

|

Народны і самы старэйшы фотаклуб Беларусі “Мінск” адзначае сваё 50-годдзе. Пабачыць і адчуць магію старых і сучасных фотаздымкаў можна было на адкрыцці выставы фотаклуба ў Гродзенскай выставачнай залі.


На выставе прадстаўлены фота паўвекавой гісторыі – гэта не толькі гісторыя развіцця фотамастацтва, але і аповед пра лёсы людзей і краін. Пра мастацтва фатаграфіі распавёў куратар і ўдзельнік фотавыставы Юры Васільеў.

 

Гэта выстава рэтраспектыўная, на ёй змешчаныя лепшыя працы, якія былі зроблены і, што не менш важна, захаваныя за 50-гадовую гісторыю існавання клуба. Бо захаваць тыя старыя здымкі было самым складаным. Разуменне гэтага прыходзіць значна пазней. У маладосці клапоцішся пра свае працы, і, на жаль, шмат чаго страцілася. Але ўсё, што захавалі, мы прывезлі на выставу.


 

– Фатограф – гэта такая ж прафесія, як і ўсе астатнія прафесіі. І менавіта так павінен ставіцца да гэтага фатограф. Калі хочаш атрымаць найлепшы вынік, павінен увесь час вучыцца, здабываць прафесійныя веды.

 

 

– Фатаграфія – гэта і сам працэс, і памяшканне, дзе яна робіцца, выява на светаўспрымальным слаі і, нарэшце, сама фатаграфія. Некаторыя сёння лічаць, што каб быць фатографам, дастаткова мець фотаапарат. Але навучыцца выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі – таксама задача. І вырашыць яе немагчыма без ведаў тэхнікі класічнай фатаграфіі. Напэўна, самая асноўная мэта фотамастацтва – гэта рабіць зрэз часу.

 

 

– Асноўнае ў працэсе здымкаў – гэта творчы падыход, фатограф аддае сябе, сваю душу, свой погляд на свет. Тэхнічная частка павінна быць выканана бездакорна. Вось фотаздымак 1981 г. – ці магчыма паверыць, што гэта не лічбавае фота? Вось вам і магія. Канешне, раней было складаней зрабіць якасны здымак, фатограф павінен быў усё прадумаць, пралічыць і найперш спытаць сябе “Што дае гэты здымак людзям?”. Калі здымак не дае нічога новага чалавеку, то ён знікае.

 

Сёння ў архіве клуба “Мінск” знаходзіцца 5000 здымкаў, у тым ліку і замежных аўтараў. Як лічаць удзельнікі клубу, гэта павінна быць не складам-сховішчам, а магчымасцю далучэння моладзі да мастацтва фатаграфіі.

 

Наведаць выставу і пазнаёміцца з гісторыяй беларускага фотамастацтва можна да 19 лістапада.

 

Здымкі аўтаркі