З’явіўся “Падарожны дапаможнік” для беларускай моладзі

|

Сярод карысных інфармацый, якія трапілі ў выданне: паскоранае атрыманне віз, рэзервацыя і пакупка квіткоў праз інтэрнэт, асаблівасці танных авіяліній, планаванне паездкі традыцыйна і аўтаспынам і іншыя карысныя тэмы. Таксама ўключаныя інфармацыі пра еўрапейскія навучальныя праграмы.

Як сказаў падчас прэзентацыі аўтар ідэі праекту Франак Вячорка, ідэя кнігі зусім не новая і вынікае з таго, што паміж Беларуссю і Еўрасаюзам за апошнія гады паўстала сапраўдная “кітайская сцяна”. Узгадвалі і кампанію “Без візы”, якая актыўна лабіруе адмену візаў для беларусаў і ў Беларусь.

Аўтары дапаможніка – маладыя журналісты і аматары падарожжаў: Радаслава Вячорка, Аляксей Язылец, Юлія Сцяпанава, Юлія Міхалюк, Дар’я Слабчанка, Юлія Чорная, гарадзенец Сцяпан Свідзерскі і Анджэй Костэк. Усе яны, пішучы свае артыкулы, выкарыстоўвалі свой уласны багаты досвед, а таксама веды сяброў.

“Дапаможнік” выдадзены сумесна Польскай фундацыяй імя Роберта Шумана, творчай ініцыятывай «Беларускі Гальфстрым» і грамадскай ініцыятывай «Народны журналіст». Ён распаўсюджваецца бясплатна – замовы трэба дасылаць на адрас dapamoznik@gmail.com.

 

Паводле budzma.org