Мясам дзіка атруціліся 13 чалавек

|

Гэтыя пацярпелыя, сярод якіх 5-гадовае дзіця, піша БелТА, лечацца ў  Гродзенскай абласной інфекцыйнай бальніцы.

Ім пастаўлены дыягназ “трыхінелез”,  стан здароўя ацэньваецца як здавальняючы.

Яшчэ  15 чалавек, якія таксама елі  мяса гэтай хворай жывёлы, праходзяць прафілактычнае лячэнне.

 

На мінулым тыдні стала вядома пра заражэнне трыхінелезам дзевяці жыхароў Маладзечна, якія таксама пакаштавалі мяса забітага паляўнічымі дзіка.

Тады мяса, як і патрэбна, праверылі на наяўнасць трыхінэллы, і толькі пасля гэтага пусцілі на ежу.

Якім чынам людзі захварэлі, застаецца незразумелым.

Супрацоўнікі лабараторыі лічаць, што атруціліся яны мясам іншага, неправеранага, дзіка.

 

Трыхінелез – вельмі небяспечнае захворванне.

Людзі заражаюцца праз мяса дзікоў альбо хатніх кабаноў.

Лічынкі вельмі ўстойлівыя да цеплавой апрацоўкі, гінуць толькі калі мяса таўшчынёй да 8 см варыць не менш за 2,5 гадзіны.

Штогод у Беларусі фіксуецца больш за 60 хворых на трыхінелез.

Сёлета 22 выпадкі зафіксаваныя цягам тыдня.

Захворванне праяўляецца праз 2-4 тыдні ад моманту заражэння, хаця можа і праз некалькі дзён.

Цяжкая ступень захворвання можа скончыцца смерцю.