Міністэрства адукацыі агучыла магчымыя змены правілаў прыёму ў ВНУ
Прапануецца дазволіць падаваць дакументы ва ўступную камісію ад імя абітурыента іншым асобам па даверанасці.
Прапануецца адмяніць раздзельны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі і большасць ільгот пры паступленні ў ВНУ.
Плануецца захаваць толькі льготу па залічэнні без уступных экзаменаў абітурыентаў, якія заваявалі прызавыя месцы на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, іншых спаборніцтвах. Пазаконкурснае залічэнне таксама захаваецца для шэрагу катэгорый абітурыентаў пры паступленні ў ВНУ першага патоку МУС, МНС, Мінабароны, Дзяржпагранкамітэта і ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Плануецца ўвесці норму, паводле якой на завочную форму навучання ў ВНУ змогуць паступаць толькі працаўладкаваныя грамадзяне.
Для тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, прапануецца ўвесці патрабаванне аб неабходнасці рэкамендацый педагагічных саветаў устаноў адукацыі.
Беларусам, якія пастаянна жывуць за мяжой, а таксама грамадзянам Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана прапануецца дазволіць паступаць на ўмовах, прадугледжаных для замежных грамадзян, — паводле вынікаў сумоўя.
Для абароны інтарэсаў абітурыентаў, якія паступаюць ва ўстановы адукацыі па конкурсе, прапануецца кватаваць колькасць месцаў для абітурыентаў, якія залічваюцца паводле вынікаў атэстацыі пасля заканчэння факультэтаў давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленняў, падрыхтоўчых курсаў або паводле вынікаў сумоўя.
Квоту штогод будзе вызначаць навучальная ўстанова.
З 30 да 60% ад кантрольных лічбаў плануецца павялічыць прыём на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
Прапануецца спрасціць працэдуру паступлення ў ССНУ на аснове агульнай базавай адукацыі: праводзіць яго па конкурсе сярэдняга бала пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі.
Пра хуткія змены правілаў прыёму ў ВНУ абвясціў у кастрычніку намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік.
У першую чаргу, на ягоную думку, неабходна адмяніць любыя ільготы пры паступленні ў ВНУ.
“Адзіным крытэрам паступлення павінны быць толькі мазгі”, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Фота з сайта http://news.open.by