Гандбалісткі “Гараднічанкі” скончылі барацьбу за еўрапейскі Кубак Кубкаў

|

Выхад “Гараднічанкі” на этап плэй-оф у барацьбе за прэстыжны еўрапейскі трафей ужо сам па сабе стаў прыемнай нечаканасцю для заўзятараў гарадзенскага гандболу. А калі ў першым матчы ў гасцях гарадзенкі саступілі «Sagunto» толькі два галы – апетыт павялічыўся і з’явілася надзея на ўдалы рэванш у хатнім матчы і выхад у 1/8 фіналу.

 

“Гараднічанка” з самага пачатку матчу прапанавала іспанкам жорсткую гульню. Не абышлося без траўміравання гасцей.

>

Тыя таксама не саступалі гарадзенкам ў жорсткасці. У выніку суддзі мусілі паказаць тры жоўтыя карткі за брудную гульню. Дзве з іх – нашым дзяўчынам і яшчэ адну – іспанцы. Не абыйшлося і без выдаленняў на дзве хвіліны, а штрафныя ішлі адзін за адным, як у вароты «Гараднічанкі», так і ў супрацьлеглыя.

Гараднічанка супраць Sagunto на t-styl on Vimeo.

Зацятая барацьба вельмі падабалася шматлікім гледачам. Сярод іх былі розныя людзі. На лаўках і балконах гульнявой залі спарткомлексу “Вікторыя”, дзе адбывалася сустрэча, можна было пабачыць і дзяцей, і людзей пенсійнага ўзросту. Амаль усе дудзелі ў дудкі і з запалам пляскалі ў далоні, вітаючы кожны забіты гарадзенкамі гол. У духу ідэі “фэйр-плэй” гарадзенскія заўзятары падтрымлівалі траўмaваных гандбалістак «Sagunto».

 

– Не кожны дзень такую гульню пабачыш! – не хавалі захаплення ад відовішча гледачы. Калі я пытаўся ў іх чаму, то чуў у адказ, што “гэта вялікі поспех гарадзенак – гуляць супраць аднаго з самых моцных клубаў у Еўропе”.

 

–  Дзяўчыны паказалі ўсё, на што здольныя, але рабілі, на маю думку, вельмі шмат памылак – падзяліўся сваімі ўражаннямі зусім малады чалавек і дадаў, што лёс сустрэчы вызначыў большы досьвед іспанак.

 

– Маглі б і лепшае месца арганізаваць, пакласці паркет у лядовым палацы. Не кожны ж раз даводзіцца бачыць іспанак на пляцоўцы ў Гродне – наракаў адзін з маіх суразмоўцаў на арганізатараў гульні.

 

Пагаджуся з суседам – працягнуў тэму іншы заўзятар. – Можна было б прыняць гасцей нашмат лепш, бо шмат балельшчыкаў зараз проста стаіць каля ўваходу. Зала “Вікторыі” не разлічана на правядзенне сустрэч такога ўзроўню.

 

Незадаволеных месцам правядзення сустрэчы ў маленькай залі, у якой праходзяць гульні чэмпіянату Беларусі, было шмат. І гэта незадавальненне ніяк не было звязана з лікам на табло. Іспанкі вырваліся наперад ужо пасля першай паловы гульні, але пасля перапынку нашыя дзяўчаты загулялі жвавей і часцей праводзілі ўдалыя контратакі.

У выніку “Гараднічанка” ўсё ж саступіла з лікам 21:26 і пакінула спаборніцтвы за прэстыжны еўрапейскі трафей.

 

Фота аўтара