Гродзенскі медуніверсітэт выдаў першы ў Беларусі руска-беларускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў

|

Гэта першае выданне падобнага тыпу ў беларускай лексікаграфіі.

У слоўніку тры тысячы медыцынскіх тэрмінаў, прычым больш за дзве тысячы маюць уласнабеларускую версію.

Віктар Іванавіч Варанец дастаткова даўно выкладае курс “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” і на ягоную думку такі слоўнік неабходны.

 

В.Варанец:

Па вялікім рахунку беларускіх медыцынскіх слоўнікаў не было.

У 20-ыя гады Тэрміналагічная камісія выдала 3 зборнічкі тэрмінаў, але хутчэй анатамічных.

У 2005 годзе я выдаваў руска-беларускі медыцынскі слоўнік.

Але, па-першае, людзям цікава, што азначае той ці іншы медыцынскі тэрмін, па-другое, паводле перапісу 30% насельніцтва карыстаецца беларускай мовай, таму мае права атрымаць тлумачэнне доктара на роднай мове.

Таму я вырашыў сінтэзаваць, аб’яднаць перакладны і тлумачальны слоўнікі.

 

Практычна ўсе тэрміны, сабраныя ў слоўніку Віктара Варанца, узятыя з іншых выданняў:

у працы аўтар выкарыстаў 21 слоўнік.

 

Новае выданне павінна не толькі дапамагчы ў выкладанні курса прафесійнай лексікі студэнтам медуніверсітэтаў, але і зацікавіць беларускіх дактароў, а таксама папулярызаваць беларускую мову.

 

Слоўнік пабудаваны такім чынам: рускі тэрмін – калька з грэчаскай альбо лацінскай мовы – уласнабеларускі тэрмін – тлумачэнне тэрміну ці паняцця.

Для зручнасці, у канцы змешчаны кароткі беларуска-рускі слоўнічак.

 

“Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў” выйшаў накладам усяго 50 паасобнікаў.

Набыць яго нельга, а прачытаць можна толькі ў бібліятэцы Гродзенскага медуніверсітэту.

 

Віктар Іванавіч Варанец:

Гэта пілотны выпуск. Каб выдаць большы наклад, выдаўцу патрэбны гарантыі, што слоўнік будзе запатрабаваны, што яго будуць набываць.

 

Фота з сайта http://www.grsmu.by