З пачатку года на дарогах Гродзенскай вобласці загінулі 111 чалавек
18 лістапада супрацоўнікі ДАІ Гродна і вобласці сумесна з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі наведаюць месцы, дзе ў ДТЗ найчасцей гінуць людзі.
Найбольш праблемнай у гэтым сэнсе лічыцца траса Мінск-Гродна.
Святары асвяцяць месцы трагічных здарэнняў, у знак памяці запаляць лампадкі.
Ахвяр ДТЗ у Гродзенскай вобласці будуць узгадваць напрацягу ўсяго тыдня.
ДАІ заклікае гродзенскіх кіроўцаў на ўспамін пра загінулых у гэтыя дні рухацца з запаленым бліжнім святлом.
Як паведаміў “Твайму стылю” начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко, найбольш смяротных выпадкаў на дарогах вобласці ў восеньска-зімовы перыяд здараецца ў выніку наездаў на пешаходаў, якія непазначаныя флікерамі (найчасцей нецвярозых), лабавых сутыкненняў, выездаў у кювет.
Летам удзельнікі дарожнага руху найчасцей гінуць з-за парушэнняў рэжыму хуткасці, няправільных абгонаў. Больш трагічных выпадкаў з удзелам матацыклістаў і веласіпедыстаў.
Сёлета на дарогах вобласці загінулі 111 чалавек, параненыя 554.
У мінулым годзе сітуацыя выглядала горш: 135 загінулых, 699 параненых.