Андрэй Пачобут атрымаў прэстыжную журналісцкую прэмію

|

Пачобут адзначаны прэміяй за артыкулы аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Тэмы артыкулаў тычыліся рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі пасля выбараў, фальсіфікацыі выбараў, асобы А.Лукашэнкі.

Адзін з гэтых артыкулаў фігураваў у крымінальнай справе журналіста, але пасля быў выключаны з абвінавачвання.

 

Прэмію ў памеры 50 тысяч злотых на ўрачыстай цырымоніі ўручылі жонцы Андрэя Пачобута: асуджанаму па артыкуле «паклёп на прэзідэнта» журналісту забаронены выезд за мяжу.

Падзякаваць за ўзнагароду Пачобут здолеў сказаць праз прамое ўключэнне.

 

Андрэй Пачобут:

 

– Для людзей у зале гэта было неспадзянкай.

Мне загадзя патэлефанавалі, і, пасля таго, як абвясцілі вынікі, я меў магчымасць падзякаваць, што ацанілі маю працу такім чынам.

Лічу, што прысуджэнне прэміі было знакам салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія выконваюць свой доўг ва ўмовах дыктатуры.

 

 

Прэмія імя Анджэя Вайцяхоўскага прызначаецца за найлепшы журналісцкі матэрыял, які паўплываў на жыццё палякаў.

Заснаваная ў 2005 годзе, у 10-ую гадавіны смерці А.Вайцяхоўскага – стваральніка “Радыё Z”.

У радзе ўзнагароды – кіраўнікі і прадстаўнікі найважнейшых польскіх СМІ і адзін з родных Анджэя Вайцяхоўскага.

 

 

Крымінальная справа у дачыненні Андрэя Пачобута была распачатая з-за ягоных артыкулаў, змешчаных у “Газеце Выборчай”, пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

5 ліпеня  2011 года журналіст прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп на прэзідэнта) КК РБ і пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.