Аматары дабстэпу зладзілі вечарыну ў «МіраБары»
Дабстэп – музычны кірунак, які паўстаў напачатку 2000-ых у паўднёвым Лондане, як адзін з напрамкаў гэрыджа (брытанская электронная музыка, якая выводзіцца з гаўсу і джанглу).
Па гучанні дабстэп характарызуецца тэмпам 140 удараў у хвіліну, дамінуючым нізкачастотным басам і разрэжаным брэйкбітам на заднім плане.
Дабстэпам, досыць даўно пачала захапляцца моладзь не толькі Гародні, але і ўсёй Беларусі.
– Гэта стан душы і тваёй падсвядомасці – распавёў адзін са знаўцаў дадзенага музычнага стылю. – Калі заплюшчваеш вочы, падчас праслухоўвання якаснага трэку, цяжкія пранізлівыя басовыя ноты бударажаць падсвядомасць і ўсё цела – спрабуе апісаць ён свае пачуцці.
Па колькасці прысутных на вечарыне было ясна, што дабстэп ахоплівае досыць вялікую аўдыторыю. Але сярод танцуючых ў «МіраБары» палова ведала адзін аднаго.
Можа таму ніхто не затлумляўся на тое, што яго не зразумеюць у выразе пачуццяў падчас танцу і ўся зала адказвала кожнай гукавай змене дарожкі ды-джэя. Спецыфікай ды-джэй вечарынкі ў стылі дабстэп, з’яўляецца ігра на вінілавых кружэлках.
– «Вініл» дапамагае напрамую звязацца з музыкай ,ніякая лічбавая прылада не перадасць адчуванняў, якія перадаюцца праз пальцы і дарожкі на кружэлках – патлумачыў адзін з ды-джэяў Overdose.
alt=”Image 17756″ >
Нягледзячы на спецыфічнасць музыкі, быць можа незразумелай большасці насельніцтва, адміністрацыя «МіраБару» не супраць правядзення ў сябе падобных мерапрыемстваў.
– Падтрымліваючы такія праекты, мы падтрымліваем развіццё і густы сучаснай моладзі, а таксама спрыяем яе творчаму і грамадскаму развіццю – падкрэсліла дырэктарка «МіраБару».
Адзін з арганізатараў вечарыны ў сваю чаргу пераконваў, што “правядзенне падобных да гэтай тэматычных вечарынак падтрымлівае статус Горадні як цэнтра альтэрнатыўнай і эксперыментальнай музычнай сталіцы”.
– У Менску расчаравала падтрымка, якая была падчас нашага выступу – прызнаўся ён.
Паміж аматарамі дабстэпу і рэштай моладзі няма практычна ніякай розніцы. Ані па выглядзе, ані па перакананнях немагчыма вызначыць, хто слухае дабстэп.
– Гэта можа быць хлопец у джынсах шырокага крою і велізарных скейтарскіх красоўках, а можа быць і дзяўчына, апранутая ў байку і арыгінальную шапку. Сучасную моладзь пазнаць ужо немагчыма, асабліва ў яе музычных густах і перавагах – патлумачыў адзін з удзельнікаў прома-групы Overdose.
Падчас вечарыны былі як шчаслівыя людзі, якія адрываліся пад кожны трэк, так і тыя, каму не хапала «драйву». Яны прасілі больш актыўнасці ў ды-джэяў. Але на самой справе абыякавых і сумных людзей у зале не было.
Кожны, хто прыйшоў на вечарыну Overdose, атрымаў зарад пазітыву і мноства выдатных эмоцый ад зносін са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, якіх звязвае адно – захапленне дабстэпам.