Смак падводнага палявання
Скончыўшы Дзіцячую Спартыўную Школу па плаванні, ужо ў дарослым жыцці Уладзімір працаваў трэнерам.
А зараз вось ужо трэці год кіруе Фізкультурна-аздараўленчым комплексам «Блакітны».
Вольны ад працы час нашага героя таксама звязаны з вадой і плаваннем.
Праўда з плаваннем пад вадой, бо ён заўзяты падводны паляўнічы.
– Усё, мабыць, пачалося ад любові да вады: плаванне, рыбалка.
А аднойчы знаёмы запрасіў мяне паўдзельнічаць у падводным паляванні – распавядае наш герой і прызнаецца, што касцюм і рыштунак для першага палявання давялося пазычыць. – Падводны свет так захапіў мяне, што я, абсалютна страціўшы пачуццё часу, правёў пад вадой 8 гадзін, не адчуваючы ні голаду, ні смагі – узгадвае Уладзімір.
Цяпер, будучы падводным паляўнічым з вялікім стажам і вопытам, ён заўсёды бярэ з сабой пад ваду пітную ваду ці яблык (аказваецца пад вадой можна есці і піць).
Уладзімір ”прапаў” ужо пасля першай спробы апусціцца пад ваду і стаў праводзіць на падводнай рыбалцы ўсе выходныя дні і ўвесь вольны час.
Хоць, як запэўнівае мой суразмоўца, далёка не ўсіх “уцягвае” такі адпачынак. –
Я запрашаў не адзін тузін рыбакоў, і далёка не ўсе «падселі» менавіта на паляванне – прызнае ён.
Але спробы заахвоціць да пазнання падводнага свету не прайшлі дарэмна, бо некаторыя знаёмыя Уладзіміра пачалі займацца дайвінгам (падводнае плаванне з апаратам).
Адзін са знаёмых Уладзіміра стаў нават інструктарам дайвінгу на Чырвоным моры.
Мабыць, знаёмы, у адрозненні ад Уладзіміра, не меў паляўнічага інстынкту, і ў яго пераважыла папросту цікавасць да падводнага свету мора?
Сам Уладзімір кажа, што ён знайшоў сябе на прэсных вадаёмах і ахвотна палюе на азёрах і рэках Беларусі, Украіны ды Расіі.
Наш герой, дарэчы, далёка не ўпэўнены, што яго любоў да вады перарасла б у падводнае паляванне, калі б ён не быў прафесійным плыўцом.
Не існуе ніякіх пісьмовых інструкцый па тэхніцы бяспекі і колькасці асоб, якія павінны знаходзіцца пад вадой, але ж мой суразмоўца лічыць, што ехаць на падводную рыбалку лепш кампаніяй, ці, як мінімум, удвух.
Паляўнічы можа, напрыклад, заблытацца ў сетцы браканьераў і яму спатрэбіцца дапамога таварыша.
– У нас у Беларусі, што праўда, гэта звычайна дробныя «кітайкі», з якіх можна выблытацца самастойна – распавядае Уладзімір і дадае, што сур’ёзную небяспеку ўяўляюць сабой марскія крамнінныя сеткі, якімі ў нашай краіне практычна не карыстаюцца.
Уладзімір, дарэчы, цалкам згодны з парадай вялікага падарожніка Жана Кусто, які не стамляўся паўтараць «бярыце з сабой нож, ён можа вам не спатрэбіцца 1000 разоў, але абавязкова спатрэбіцца ў 1001».
Гэтая праўда пацвердзілася, калі Уладзімір аднойчы падстрэліў шчупака больш за 3 кг і спрабаваў умацаваць яго на кукане, але шчупак пракусіў паляўнічаму два пальцы.
Асаблівасць зубоў шчупака такая, што, калі проста выцягнуць палец з пашчы, – будзе ірваная рана.
Нажа з сабой тады ў нашага героя не аказалася і яму давялося вызваляць палец пры дапамозе стрэлы.
Каб дапоўніць карціну гэтай непрыемнай прыгоды, дадамо, што пры ўкусе некаторых рыб, у тым ліку – шчупака, вылучаецца атрута. Так і атрымалася, таму параненыя пальцы паляўнічага запаліліся і распухлі.
Гэтую гісторыю Уладзімір узгадвае, калі распавядае пра сваё хобі, каб нагадаць патэнцыйным аматарам падводнага палявання, што трэба заўсёды быць надзвычай асцярожнымі.
alt=”Image 17824″ >
Уладзімір Скрабін са шчупаком
Пра свае прыгоды пад вадой распавёў калега Уладзіміра, таксама падводны паляўнічы і прафесійны плывец, Аляксандр Шмакаў:
– Палюючы каля берага вадаёма, я раптам адчуў удар у бок.
Азірнуўся і ўбачыў, што на спіне ў мяне сядзіць андатра. Я хуценька лупануў ластамі і паплыў у іншым кірунку.
Ужо потым, прааналізаваўшы сітуацыю, Аляксандр зразумеў, што такім чынам вадзяны пацук абараняў сваю нару.
Яна знаходзілася як раз у месцы, дзе паляваў мой суразмоўца.
Ён запэўнівае, што пад вадой можна знайсці розныя рэчы, часта трапляюцца гадзіннікі і мабільныя тэлефоны.
– А аднойчы я выплыў нават на пяцітонную лябёдку – кажа Аляксандр.
Для жадаючых заняцца падводным паляваннем Уладзімір і Аляксандр падлічылі у якую суму гэта хобі выльецца пачаткоўцу.
На рыштунак (маска, ласты, пальчаткі, груз для нейтралізацыі плывучасці, стрэльба, нож і касцюм) трэба выдаць не менш чым 500 даляраў ЗША.
Акрамя таго, трэба мець пасведчанне падводнага паляўнічага, якое выдае сваім сябрам Федэрацыя падводнага спорту Беларусі.
На Беларусі, дарэчы, штогод праводзіцца чэмпіянат краіны па падводным паляванні.
У гэтым годзе ў Светлагорску, Гомельскай вобласці адбыўся таксама ўсебеларускі злёт падводных паляўнічых.
Ягонай мэтай была рэгістрацыя і падлік колькасці аматараў падводнага палявання ў Беларусі.
Атрымалася, што ў нашай краіне іх налічваецца 219 чалавек.
У некаторых краінах, напрыклад, у Літве і Аўстрыі, падводнае паляванне забаронена, а ў Францыі ёсць абмежаванні па колькасці вылаўленай рыбы.
У Беларусі сумарны ўлоў таксама не павінен складаць больш за 5 кілаграмаў. Дзесяць кіло вылаўленай рыбы – гэта ўжо браканьерства.
Але калі адзіны падстрэлены экзэмпляр важыць 10 кг, то ўсё ў парадку. Браканьерам не будзе лічыцца і той, хто падстрэліць аднаго сама вагой у 200 кг.
Сябры і хатнія Уладзіміра і Аляксандра заўсёды з цікавасцю чакаюць апавяданняў аб іх паляўнічых выправах, а ўпаляваная рыба заўсёды выклікае бурныя эмоцыі. З рыбай, якая на наступны дзень прыгатаваная трапляе на абедзенны стол, робіцца фота.
Шчупак фаршыраваны, або судак, абсмажаны ў бульбяным футры – несумненна годны фон для прыемных успамінаў аб паляванні і адпачынку, аб зносінах з прыродай і людзьмі.
А як прыемна прынесці трохі рыбы на працу і пачаставаць ёй калегаў!
Фота з архіву Уладзіміра Скрабіна.