“Ёсць рэчы на парадак вышэй, чым лепшыя перспектывы для страўніка”
Для краіны з 10-цімільённым насельніцтвам названая вышэй лічба даволі вялікая. Для параўнання ўзгадаем сітуацыю ў суседніх краінах. Штогод Літву пакідае 30-40 тысяч чалавек, Расію – 300 тысяч, з іх 40 тысяч выязджаюць на пастаяннае месца жыхарства. Толькі за 2010 год з Літвы выехала 83 тысячы, з Польшчы – 120 тысяч, з Украіны – каля 15 тысяч чалавек.
Прыведзеныя лічбы сведчаць аб тым, што многія грамадзяне не задаволеныя сітуацыяй у сваёй краіне, таму яны робяць выбар, выказваюць своеасаблівы пратэст супраць таго грамадства, у якім жывуць.
Што ж штурхае людзей на тое, каб пакінуць сваю краіну назаўсёды?
Эмігранты эканамічныя і палітычныя, маладыя і сталыя
Ёсць людзі, якія едуць “за бугор” у пошуках лепшага жыцця ў матэрыяльным сэнсе. Да іх можна аднесці частку моладзі, а таксама тых, хто з’язджае ў немаладым узросце. Маладыя людзі гэтай катэгорыі з’язджаюць часцей за ўсё на некаторы час, проста на заробкі, а пасля, калі не здолеюць нармальна ўладкавацца за мяжой, вяртаюцца на радзіму. Людзі ж сталага ўзросту, як правіла, з’язджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства.
Ёсць тыя, якія эмігрыруюць па палітычных прычынах, а пасля, калі і з’яўляецца магчымасць вярнуцца, не хочуць, бо прызвычаіліся да лепшага жыцця ў матэрыльным плане.
Невялікі працэнт складаюць людзі, якія з’язджаюць за мяжу, бо не лічаць краіну, дзе нарадзіліся, сваёй радзімай.
Чаму ж большую частку эмігрантаў, як правіла, складае моладзь? Даследаванні паказалі, што моладзь менш баіцца пераменаў. Сучасныя маладыя людзі імкнуцца пры любой магчымасці пабачыць свет, паглядзець, як жывуць іншыя. Моладзь не баіцца моўных бар’ераў, тады калі для людзей сталага ўзросту гэта адна з галоўных прычын застацца на радзіме. Сюды можна дадаць і той фактар, што моладзь, як правіла, больш вольная ў плане сямейных адносін, тады як людзям сталым, каб з’ехаць, трэба падумаць, што будзе з сям’ёю.
Менавіта няведанне замежнай мовы штурхае частку беларусаў выязджаць ў Расію ці на Украіну, звычайна не на пастаяннае месца жыхарства, а толькі на заробкі. Да таго ж гэтыя краіны не патрабуюць візы, што значна спрашчае ад’езд. Для сталага месца жыхарства беларусы выбіраюць Германію, ЗША, Канаду, Італію, Польшчу, Літву.
Некаторыя баяцца эміграцыі, бо думаюць, калі іх не прымаюць у сваім грамадстве, то ці прымуць у чужым – з іншай культурай, сістэмай каштоўнасцяў, менталітэтам.
Ці трэба баяцца такой хвалі эміграцыі?
Ці з’яўляецца эміграцыя настолькі страшнай для краіны, як гэта падаецца на першы погляд? Калі ўлічыць той факт, што 75% беларускіх эмігрантаў – гэта людзі працаздольнага ўзросту і кожны пяты з іх мае вышэйшую адукацыю, адказ відавочны. Інтэлектуальная эміграцыя – самае страшнае, што можа быць для грамадства. Ці трэба дзяржаве змагацца з гэтым?
Напэўна так, бо эміграцыя пазбаўляе краіну найбольш актыўнай часткі грамадства, творчай інтэлігенцыі. Канечне, такое змаганне не павінна быць зведзена да забаронаў на выезд або абмежаванне выезду. Няхай людзі падарожнічаюць, глядзяць, як жывуць іншыя і, вяртаючыся назад, прывозяць свежыя ідэі для лепшага развіцця свайго грамадства. Дзяржаве ж трэба проста стварыць спрыяльны клімат і адпаведныя ўмовы для рэалізацыі творчай асобы на радзіме.
Апошнім часам у краіне праводзяцца мерапрыемствы, скіраваныя на выхаванне патрыятызму ў моладзі і на фарміраванне негатыўных адносін да Захаду. Але нягледзячы на гэта, жаданне вучыцца ці працаваць за мяжой у беларускай моладзі не зніжаецца. Паводле апошніх сацыялагічных дадзеных, з Беларусі хацела б выехаць 40% моладзі.
Выязджаць альбо не?
Мы запыталі некаторых маладых гарадзенцаў, ці хочуць яны выехаць за мяжу назаўсёды?
Сняжана, 30 гадоў
З’язджаць не хачу, бо не вытрымаю без Радзімы доўга. Як бы тут цяжка не жылося, але я тут нарадзілася, а Радзіму не выбіраюць, як маці.
Гадоў 10 назад думалі з мужам з’ехаць у Англію, але не атрымалася…
Хачу, каб мой сын вучыўся не ў Беларусі і там ладзіў сваё жыццё.
Марыя, 27 гадоў
Выехаць за мяжу мару яшчэ з юнацтва, паколькі там больш магчымасцяў рабіць тое, што падабаецца.
Увогуле я сябе там пачуваю больш маладою, там усё падаецца ярчэйшым, а не такім змрочным і сумным як у нас: ні заробка на жыццё не хапае, ні з краіны не выехаць.
Наста, 21 год
Пры дадзеных абставінах эканамічнага і палітычнага жыцця ў нашай краіне адразу ўзнікае думка шукаць шчасця за бугром. Але не ў мяне.
Па-першае, гэта выглядае, як здрада сабе і сваёй сутнасці. Я нарадзілася тут, нарадзілася для таго, каб працаваць і тварыць на карысць дадзенага народа (часткай якога таксама з’яўляюся), нягледзечы на ўсе рэжымы. Акрамя таго, тут знаходзіцца мая сям’я і мая радзіма, без якой я не ўяўляю сваё жыццё ўвогуле.
Каб мне сказалі, што я больш не змагу ўбачыць роднае возера, я б, напэўна, з’ехала б з глузду. Я вельмі балюча рэагую на чужое: абыякава, без пачуццяў адношуся да гэтага, магу зняважыць.
Выехаць – не значыць пазбавіцца ўсіх праблемаў, там абавязкова ўзнікнуць новыя.
Алёна, 22 гады
Я б хацела выехаць за мяжу назаўсёды ў адну з еўрапейскіх краін.
У першую чаргу таму, што ўзровень жыцця там вышэйшы (нармальныя заробкі, стыпендыі), вышэйшы ўзровень адукацыі і наогул актыўная палітыка дзяржавы ў падтрымку моладзі і розных слаёў насельніцтва.
Да думкі з’ехаць за мяжу падштурхоўвае ідэалагічны прэсінг у краіне, абсурднасць і бязглузднасць многіх абставін.
Павал, 22 гады
Хацеў бы выехаць за мяжу толькі дзеля адукацыі, самаўдасканалення, але пасля абавязкова вярнуцца ў Беларусь.
Пакіну родную краіну назаўсёды толькі ў выключным выпадку: калі духоўна не змагу больш жыць на гэтай зямлі.
Юлія, 23 гады
Раней ніколі не думала пра выезд за мяжу. Дакладней аб тым, што тут будзе кепска. Часам катаюся аўтаспынам. Аказваецца, усіх цікавіць становішча ў Беларусі (не толькі беларусаў, але і рускіх, палякаў).
І ўсе ў адзін голас кажуць з’язджаць адсюль, пакуль ёсць магчымасць. Адзін дзядзька нават нумар пакінуў і сказаў, што дапаможа візу галандскую або амерыканскую атрымаць. Гэта, канечне, вельмі прыемна. Але тут мая сям’я, родныя, сябры. Я не магу іх кінуць. Да гэтага трэба падрыхтавацца…
Шмат маіх сяброў з’ехала за мяжу, хто куды, і не кроплі не шкадуюць. Можа калі-небудзь і я гэта зраблю.
Вольга, 21 год
Назаўсёды выехаць за мяжу не хачу, бо вельмі люблю свой горад і ні на што яго не прамяняю.
Тым больш, дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся.
Мы ж нездарма нараджаемся ў нейкім горадзе, нейкім месцы.
Напэўна, вышэйшым сілам так патрэбна, каб кожны чалавек мог выканаць сваю адмысловую місію.
Можа і ўзнікала думка паехаць куды-небудзь на тыдзень, месяц, але каб назаўсёды – ніколі.
Алена, 22 гады
Хутчэй за ўсё я выеду толькі ў тым выпадку, калі выйду замуж за замежніка.
Яўгенія, 18 гадоў
Я б з задавальненнем адсюль з’ехала, як толькі будзе такая магчымасць.
Я люблю Беларусь. Гэта мая радзіма, але мне хочацца развярнуцца.
Толькі адной страшнавата. Ды яшчэ складана без ведання замежнай мовы. Аднак я вынашваю ў сабе гэтую думку.
Спадзяюся, атрымаецца яе рэалізаваць.
Міхаілас, 26 гадоў
Назаўсёды з’язджаць не хачу адназначна. Таму што я і рамантык, які верыць у байкі пра чужбіну, і рэаліст, які лічыць, што трэба працаваць на сваёй зямлі, ствараць утульныя ўмовы для сваёй дзейнасці, а не карыстацца поспехам іншых.
Узнікала думка з’ехаць у дзікія краі, тайгу, на Поўнач, Аляску ці на заробкі, але зусім ненадоўга.
Алена, 26 гадоў
Вядома, думала пра тое, каб з’ехаць. Чаму? Адказ вельмі просты. Я бачыла, як можна жыць па-іншаму. Я разумею, што для таго, каб так жыць, людзі ў іншых краінах шмат зрабілі і прайшло шмат часу і шмат пакаленняў.
Але ў нашай краіне вельмі моцная старая закасцянелая ўпартая фармацыя, якая не хоча ведаць нічога новага, а робіць, як умее, і гэта вельмі шкодзіць працэсу.
Таму, разумеючы, што ні я, ні мае дзеці, ні ўнукі не дачакаюцца натуральнай змены, я хачу і зараз з’ехаць, каб прыспешыць “нармалёвае” жыццё.
Для мяне гэта вырашаная справа, толькі трэба час на ўладкаванне пэўных пытанняў, але я спадзяюся, усё будзе добра.
Іаланта, 19 гадоў
Думка ўзнікала і не аднойчы. Але выехаць не хачу. Хачу застацца тут, дзе нарадзілася. Тут мае родныя, блізкія і каханыя людзі.
Няглядзечы на вельмі цяжкае становішча ў краіне, я ўсё ж такі маю надзею на хуткія паляпшэнні. Застануся са сваёй краінай нават у самы цяжкі перыяд.
Ірына, 23 гады
Назаўсёды выехаць за мяжу не хачу.
На нейкі час – цалкам верагодна, каб паглядзець іншыя краіны, набрацца вопыту ў сваёй прафесіі.
Думка аб выяздзе ўзнікала, але, па-першае, трэба жыць у сваёй краіне, па-другое, нікому мы там непатрэбныя…
Кацярына, 20 гадоў
Раней я хацела толькі падарожнічаць, а жыць у Беларусі.
А цяпер я ўсё больш задумваюся над тым, каб з’ехаць.
Гэта звязана з эканамічнымі, але больш палітычнымі абставінамі ў нашай краіне.
Марат, 25 гадоў
Падарожнічаць па свеце жадаю, але пакідаць Радзіму назаўжды не хачу і ніколі не хацеў. Пры ўмове, вядома, калі б майму жыццю ці жыццю маіх блізкіх тут што-небудзь пагражала, я б з’ехаў, але ўсё адно шукаў бы потым магчымасць вярнуцца.
Ёсць жа рэчы на парадак вышэй, чым лепшыя перспектывы для страўніка.
Аліса, 20 гадоў
Калі часта сутыкаешся з беларускімі рэаліямі і ўсведамляеш, што карэнным чынам змяніць погляды грамадства і яго стаўленне да жыцця нерэальна ў бліжэйшыя гадоў 10, тады з’яўляюцца думкі з’ехаць. Гісторыя, мова, культура рэальнай Беларусі невядомыя і непатрэбныя большай частцы грамадства. А сваю Беларусь я не магу нікому навязваць. Да дэмакратыі імкнемся жа.
Ксенія, 23 гады
Назаўсёды з’язджаць ніколі не хацела і не хачу зараз. Нягледзячы на ўсе недахопы, цяжкае матэрыяльнае становішча шмат якіх слаёў насельніцтва, сацыяльную няроўнасць, недаацэньванне вышэйшай адукацыі, савок у адміністрацыі, занядбанне беларускай культуры, я адчуваю сябе Беларусам, адчуваю сувязь са сваёй Радзімай.
Я б не змагла жыць у іншай краіне. А выехаць зараз раўназначна, на мой погляд, здрадзе. Што ж гэта атрымліваецца: “Я патрыёт, але так жыць не магу. Вярнуся, калі ўсё наладзіцца. Кахаць можна і з-за мяжы”. То бок увесь час ездзіць туды, дзе жыццё лепшым падаецца. Гэта не грамадзяне, а прыстасаванцы. Тутэйшыя, а не беларусы.
Вераніка, 22 гады
Думка наконт выязду за мяжу нарадзілася ў мяне яшчэ ў гадоў 7-8. Я ўсе вакацыі на працягу сваіх 7-15 год праводзіла за мяжой. Бачыла той узровень жыцця, і ён мяне страшна прывабліваў. Я была ўпэўненна ў тым, што людзі там шырэй усміхаюцца, чым у нас. З цягам часу жаданне прытупілася, бо на шляху сустракаеш любых і каханых, якія сваім існаваннем побач з табой упэўніваюць, што тут можна жыць і ствараць святло, рассейваць яго на іншых.
Тады разумееш, што хочаш тут жыць, хочаш чагосьці дамагчыся, штосьці даказаць. Хочаш, пакуль маеш апору з тых, каго любіш, каго кахаеш. Калі апора пахіснецца, дык зноўку выплываюць думкі кінуцца на ўцёкі. Зараз я схіляюся да ад’езду, бо за мяжою з боку родных маю большую падтрымку, чым тут. Але спадзяюся, што знойдуцца магутныя плечы, якія папросяць мяне застацца.
Вяртацца альбо не?
Таксама мы вырашылі пацікавіцца ў гарадзенцаў, якія знаходзяцца за мяжою, што прымусіла іх выехаць з Беларусі і ці збіраюцца яны вяртацца на радзіму?
Алесь, 29 гадоў
З Беларусі мяне прымусілі з’ехаць палітычныя рэпрэсіі супраць мяне і маёй сям’і.
Але я збіраюся вярнуцца на радзіму абавязкова. Нават не вядзецца размовы пра эміграцыю назаўжды.
Вельмі чакаю таго моманту, калі змагу вярнуцца і, безумоўна, рыхтуюся да гэтага.
Наталля, 27 гадоў
Я выехала за мяжу ў след за мужам. Сям’я мусіць быць разам. Але я не адчуваю тут сябе эмігранткай, бо кола маёй працы і сям’і складаюць беларусы.
У Беларусь я прыязджаю да сваіх родных у любы вольны час ад працы. Сэрца маё ў Беларусі…
Але тут, за мяжою, беларуская мова яшчэ больш родная для мяне, чым дома, таму што вакол мяне больш беларускамоўных людзей, чым у Беларусі. Вярнуся ці не – пытанне рытарычнае. Не хочацца ўсе спіхваць на міфічны лёс, але час пакажа. Магчыма, у Беларусі я сустрэну бліжэйшы Новы год, а магчыма і памру тут, у Варшаве, ссохлаю бабулькаю. Залежыць ад сям’і, залежыць ад працы і ад іншых чыннікаў.
Аляксандр, 26 гадоў
У адзін цудоўны дзень я прачнуўся і вырашыў, што ў маім жыцці трэба нешта змяняць.
У гэты ж дзень я пакінуў сваю радзіму і з’ехаў далёка-далёка, не ведаючы куды і навошта. І вось ужо амаль паўтара года я жыву на поўначы Расіі і ні кроплі не шкадую.
У гэтым усім знайшоў вельмі шмат плюсаў. Ці надоўга я з’ехаў, не ведаю. Былі парывы вярнуцца дадому, але нешта трымае. Можа гэта ўсё з-за крызісу ў Беларусі, а тут хоць зарабіць можна.
А наогул, вярнуцца хочацца, бо ў Беларусі мае родныя, сябры, знаёмыя. Назаўжды я б наўрад ці вырашыў з’ехаць. Насамрэч гэта цяжкае пытанне, бо ў любую хвіліну ўсё можа раптоўна змяніцца, і ніколі не ведаеш, дзе апынешся заўтра.
Марыя, 22 гады
З’ехаць з Беларусі мяне прымусілі сямейныя абставіны: у Італіі жыве мая мама.
Я не бачыла сэнсу заставацца тут адна, без родных.
Назад, у Беларусь, на пастаяннае месца жыхарства вяртацца не збіраюся, у госці на пару тыдняў прыехала б.
Але застацца ўжо не змагу, ды і не хачу, бо не змагу адаптавацца да менталітэту людзей, якія глядзяць толькі сабе пад ногі, а навокал і ў неба – не. Шкада, але гэта так.
align=”left” width=”120″ height=”150″ >Алекс, 34 гады
З’ехаў у Польшчу з-за палітычна-эканамічна-сацыяльна-грамадскай сітуацыі ў краіне.
Да таго ж я паляк па нацыянальнасці, таму не лічу, што эмігрыраваў, а толькі з’ехаў у краіну продкаў.
Вельмі хачу вярнуцца, і хутчэй за ўсё так будзе, толькі не ведаю калі.
Вяртацца зараз – гэта засадзіць сабе кулю ў патыліцу.
Няма сэнсу, бо няма на сённяшні момант перспектыў.
Я чалавек вольны, а ў Беларусі задушаць проста.
Надзея, 25 гадоў
Мяне з Беларусі прымусілі выехаць тры рэчы. Па-першае, эканамічная сітуацыя ў краіне. Калі кошт пары абутку раўняецца месячнаму заробку, а паліто – двум, кілаграм мяса каштуе некалькі дзесяткаў тысяч беларускіх рублёў.
Наступнае – гэта аўтарытарны рэжым і несвабода прэсы. З маёй прафесіяй у Беларусі перспектыў работы журналістам, а не прапагандыстам або апавядальнікам пра дробныя культурныя падзеі і т.п, няма. Адсюль адсутнасць інтэлектуальнага росту і, у выніку, прафесійнага.
Ці вярнуся я ў Беларусь? Можа быць. Але не хачу, таму зраблю ўсё магчымае, каб як мага хутчэй выехаць назад.
Уладзімір, 26 гадоў
Мяне нічога не змушала выехаць з Беларусі. Проста з’явілася магчымасць пазнаць нешта новае і паглядзець свет, вось мы з жонкай і падаліся на чужыну. На дадзены момант думаю, што гэта часова і, магчыма, мы вернемся. Усё залежыць ад абставінаў, як тут, так і ў Беларусі. Мне здаецца натуральным, што чалавек шукае месца, дзе яму лепш.
Вядомыя ў свеце беларусы-эмігранты, чыё жыццё звязана з Гарадзеншчынай
Адам Міцкевіч – беларускі і польскі паэт, палітычны публіцыст і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху беларускага паходжання. Рэшту свайго жыцця правёў ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым у Парыжы.
Ігнат Дамейка – беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследчык, геолаг, мінеролаг, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. У пачатку 1832 года выехаў у Дрэздэн. Пасля перабраўся ў Парыж. У 1837 годзе прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба. Памёр у Сант’яга. Абвешчаны нацыянальным героем Чылі.
Максім Багдановіч – беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык. Калі хлопчыку, споўніўся год, сям’я перабралася з Мінска ў Гродна, дзе паэт і правёў свае раннія дзіцячыя гады. Пасля смерці маці сям’я Багдановічаў пераехала ў Ніжні Ноўгарад, затым у Яраслаўль. Памёр паэт таксама на чужыне, у Ялце, дзе і пахаваны.
Чэслаў Неман – польскі музыка. Нарадзіўся на Шчучыншчыне. У маладыя гады разам з сям’ёй пераехаў у Польшчу, дзе і пражыў рэшту свайго жыцця.
Ларыса Геніюш – беларуская паэтка, празаік, грамадскі дзеяч. У 1937 годзе выехала з мужам у Прагу, дзе пражыла да 1947 года. Пад канец 1947-га года Геніюшы перабраліся з Прагі ў Вімперк, дзе ў сакавіку 1948 былі арыштаваныя і перададзеныя савецкім уладам. У 1956 часткова рэабілітаваныя. Пасля вызвалення Ларыса Геніюш пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі.
Малюнак generation.by