Беларускія студэнты змогуць бясплатна вучыцца ва ўнівэрсітэтах Еўропы

|

Праграма «Адкрытая Еўропа», у межах якой будуць прадстаўляцца стыпендыі на навучанне, накіравана на развіццё дэмакратычнай Беларусі шляхам прадастаўлення маладым людзям доступу да вышэйшай адукацыі згодна агульнапрызнаным міжнародным акадэмічным стандартам.

 

Распрацоўшчыкі праграмы, якая будзе адміністравацца Радай міністраў Паўночных краін, спадзяюцца, што выпускнікі праграмы вернуцца затым на радзіму і будуць спрыяць дэмакратызацыі Беларусі.

 

Як паведамляе сайт generation.by, стыпендыя «Адкрытай Эўропы» пакрые ўвесь кошт навучання ў выбраным універсітэце, а таксама прадставіць гадавы грант на вандроўку ў Беларусь у памеры 800 еўра, а таксама 1 000 еўра штомесяц дзеля пакрыцця выдаткаў на пражыванне.

 

Каб мець магчымасць атрымаць стыпендыю, кандыдат павінен быць грамадзянінам Беларусі і мець жаданне атрымаць ступень бакалаўра альбо магістра ва ўніверсітэце адной з еўрапейскіх краін.

 

Заяўкі будуць разглядацца ад абітурыентаў усіх спецыяльнасцяў, але прыярытэт будзе нададзены праву, эканоміцы і сацыяльным навукам, бізнэс-адукацыі, прыродазнаўству, мэдыцыне, інжынэрыі.

 

Падача заяўкі на паступленне ва ўніверсітэт і на стыпендыю — два асобныя працэсы. Універсітэты абіраюць студэнтаў згодна іх акадэмічным здольнасцям і веданню мовы, у той час як стыпэндыі вылучаюцца на аснове матывацыі.

 

Падаваць заяўку на атрыманне стыпэндыі можна яшчэ да залічэння ва ўніверсітэт, але канчатковае рашэнне будзе прынятае ўжо пасля паступлення.

 

Як паведамляе сайт adukacyja.info, каб атрымаць стыпэндыю, трэба:

  1. Абраць ад аднаго да трох універсітэтаў і праграму згодна вашым цікаўнасцям. Калі вы абіраеце два ўніверсітэты, то яны павінны быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).
  2. Запоўніць он-лайн форму на атрыманне стыпендыі на сайце праграмы і даслаць да 16 снежня 2011 г. Формы заяўкі, якія паступяць пазней за дату дэдлайну, будуць перанесеныя на наступны перыяд размеркавання стыпендый.
  3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрв’ю ў Вільню. Яно мае адбыцца з 2 па 13 лютага 2012 г.

 

Інфармацыя пра ўмовы удзелу, крытэрыі адбору, працэдуры запаўнення і падачы заяўкі знаходзіцца на сайце праграмы.

 

Праграма “Адкрытая Еўропа” стане дадатковай магчымасцю для беларускіх студэнтаў атрымаць еўрапейскую адукацыю. Дагэтуль бясплатныя стыпендыі для навучання беларусаў выдатковаў урад Польшчы ў межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Скарыстацца ёй, аднак, магла толькі рэпрэсаваная ў Беларусі па палітычных прычынах моладзь.

 

Шмат маладых беларусаў абіраюць месцам сваёй вучобы віленскі ЕГУ. Аднак, як і ў выпадку з праграмай Каліноўскага, далёка не ўсе выпускнікі ЕГУ па сканчэнні вучобы вяртаюцца ў Беларусь.

>

 

Як паведамляе той жа generation.by, 64% студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, што скончылі навучанне ў 2011 годзе, не вярнуліся ў Беларусь.