«Ненавязлівы» сэрвіс і забытыя землякі
Дзе закусіць турысту?
Пра бедны гарадзенскі харчовы сэрвіс напісаў днямі сайт «СБ». Гарадзенскі карэспандэнт гэтага выдання прайшоўся па месцах харчавання ў цэнтры горада ды зрабіў выснову: знайсці, дзе падсілкавацца ва ўтульных умовах, у горадзе складана.
Некаторыя вядомыя раней установы харчавання (рэстараны «Беласток», «Беларусь», кавярні «Легенда» і «Кронан» і г.д.) альбо зачыненыя, альбо вось-вось зачыняцца, у іншых месцах усё прапахла тытунёвым дымам альбо адбівае ахвоту падсілкавацца кепскім інтэр’ерам ды выбарам страваў.
Вось і атрымліваецца, што пры наяўнасці ў горадзе больш за 300 кропак харчавання (звесткі гарвыканкама) цывілізавана правесці ў іх вольны час праблематычна. Што ж, з аўтарам цяжка не пагадзіцца: сітуацыя для горада, які прэтэндуе на тытул ледзь не турыстычнай Меккі, проста ганебная. Да згаданых аўтарам зачыненых кропак харчавання можна дадаць і рэстаран на чыгунцы, і рэстаран «Нёман», і рэстаран «Карат»…Пра тое, каб недзе ў цэнтры з самага ранку папіць добрай кавы і з’есці яечню і гаварыць не выпадае.
Ледзь не адзінымі прыстойнымі месцамі ў цэнтры горада засталіся толькі піццэрыя ды «Карчма» на Савецкай. Хутка, адносна танна і смачна, але зусім не душэўна можна перакусіць у сталоўцы ўнівермага. Вось, бадай, і ўвесь сэрвіс… Марыць пра наплыў турыстаў у такой сітуацыі проста глупства. Для пачатку трэба стварыць хоць якую інфраструктуру, але ў саміх уладаў на гэта грошай няма, а інвестары, як вынікае са згаданага артыкула, у чаргу станавіцца пакуль не спяшаюцца.
Гарадзенец, які прыдумаў Інтэрнэт
«Твой стыль» ужо пісаў пра выхадцаў з Гродна, якія праславіліся ў іншых краінах. Гэта і славуты амерыканскі гангстэр Мейр Ланскі і легендарны польскі спарцмен-коннік Караль Румель. У адзін шэраг з імі ставім сёння Пола Барана – аднаго з бацькоў Інтэрнэту. Гарадзенскі перыяд жыцця нашага героя быў вельмі кароткім. Праз два гады пасля нараджэння ў Гродне, Пол разам з сям’ёй пераехаў у Філадэльфію.
>
Першым яго заняткам па сканчэнні школы была тэхнічная праца па стварэнні першага камерцыйнага кампутара Univac у 1949 г. Пазней Пол Баран сканчае ўніверсітэт у Дрэкслеры і распачынае свае даследаванні ў галіне тэхналогій пакетнай камунікацыі.
У 1960-м г. ён ужо быў супрацоўнікам «мазгавога цэнтру» кампаніі «Rand Corporation». Яго задачай была арганізацыя ўніверсальнага спосаба арганізацыі камунікацый паміж рознымі навуковымі цэнтрамі. Менавіта тады ў яго з’явілася задума арганізаваць перадачу інфармацыі па аналогіі з пчалінымі сотамі, якія пчолы дабудоўваюць самі, валодаючы толькі інфармацыяй пра параметры, якая дазваляе дакладна спалучаць новыя соты з ужо пабудаванымі.
У працэсе працы Пол прыдумаў лічбавы спосаб запісу дадзеных і напісаў у 1962 г. пра ўсе свае вынаходніцтвы артыкул для засакрэчанага тады выдання «Rand Corporation». У хуткім часе Пол Баран стаў першым навукоўцам, які выступіў у Кангрэсе ЗША па тэме будучага ўплыву кампутараў на жыццё грамадства і прыватнае жыццё людзей.
У 1968-м г. Баран стаў сузаснавальнікам Інстытута для будучыні, які дагэтуль займаецца ўдасканаленнем кампутарных тэхналогій. Пол Баран з’яўляецца сябрам Амерыканскай Нацыянальнай Акадэміі навук, лаўрэатам шматлікіх навуковых прэмій і ўзнагарод.
В. Дрэма