Час паходаў і… кляшчоў

|

У Беларусі распаўсюджаны заходні тып клешчавога энцэфаліту, які пераносіцца ляснымі і лугавымі кляшчамі. Летась ад укусаў кляшчоў у Беларусі пацярпела 8550 чалавек, з іх у Гродна – 1281. Лецішчы і агароды, лясныя зоны і навакольныя вёскі – тыя месцы, у якіх кляшчоў можна сустрэць часцей за ўсё.

Як не пацярпець ад укусу кляшча? Па-першае, можна зрабіць спецыяльную прышчэпку. Вакцынацыя павінна быць праведзена загадзя (прыкладна за тры тыдні да пачатку «клешчавога сезону»), каб у арганізме паспеў выпрацавацца спецыфічны імунітэт. Калі інфекцыяй заразілася адразу некалькіх чалавек у сям’і, то прычына хваробы – хутчэй за ўсё малако, атрыманае ад каровы або казы, якіх укусіў клешч. Гэта яшчэ адзін сур’ёзны довад на карысць гатаванага малака!

Па-другое, лепшы спосаб пазбегнуць небяспечнага пранікнення паразіта – вопратка з глухім каўняром і шчыльнымі абшэўкамі, штаны трэба заправіць у абутак, а валасы прыбраць пад хустку. У хаце трэба дбайна аглядзець сябе і прыняць душ. Як правіла, небяспечны ўкус прыходзіцца на пахвінную або падпахавыя вобласці, чалавек яго звычайна не адчувае, таму што падчас укусу клешч вылучае абязбольваючае рэчыва. Самая распаўсюджаная памылка – спроба выдаліць паразіта пры дапамозе алею. Клешч пры гэтым памірае ў ранцы, і выняць яго адтуль вельмі складана, укус сканчаецца моцным запаленнем.

Пазбаўляцца ад кляшча самастойна варта па ўсіх правілах – рэзкім рыўком наперад і ўверх, ухапіўшы казурку як мага бліжэй да скуры. Пасля гэтага трэба праверыць, ці не застаўся ў ранцы хабаток, і пашмараваць пацярпелае месца спіртам або ёдам. Трэба ведаць, што часам клешч трапляе на цела чалавека самымі незвычайнымі шляхамі – напрыклад, з букета лясных кветак і галінак, прынесеных у кватэру. Часта насякомых у хату прыносяць сабакі і каты. Дарэчы, для іх укус паразіта таксама можа скончыцца трагічна.

Адзначым, што колькасць саміх кляшчоў у Гродзенскай вобласці значна скарацілася за апошні час, аднак працаўнікі санэпідстанцый раяць «не расслабляцца» і строга прытрымлівацца правілаў «супрацькляшчовай» бяспекі. Як вядома, актыўнасць кляшчоў узрастае з траўня па чэрвень. Але першыя ўкушаныя з’явіліся сёлета ў … сакавіку. Дарэчы, клешч дрэнна пераносіць спякоту, яму больш падабаецца прахалода. Таму цяперашняе надвор’е для яго – сапраўднае задавальненне.

Л.Леонт