Моц стэрэатыпаў

|

Быць перанесеным у мястэчка Бэрг у рэгіёне Nord pas de Calais – найгоршае, што магло здарыцца з Філіпам. Тым больш, ён ўжо даўно абяцаў жонцы, што на павышэнне яго адправяць на поўдзень Францыі. Але надта разумны план не спрацоўвае, і яго чакаюць два гады на поўначы. Цяпер нават дарожная паліцыя не выпісвае штрафаў, калі даведваецца пра сумны лёс. Ён едзе туды, дзе холадна і дажджліва, дзе людзі размаўляюць незразумелай гаворкай ch’tim, жывуць бедна і нядоўга, заліваючы гора алкаголем – маўляў, вылітая Беларусь ці іншая якая Малдова. Моц стэрэатыпаў, адным словам.

Аднак па прыездзе ўсё аказваецца не зусім так, як таго чакаў Філіп. З мясцовымі хутка ўсталёўваюцца сяброўскія адносіны, ды і жывуць яны цалкам цывілізавана. Але хто на поўдні паверыць у такое? Напэўна не схільная да дэпрэсіі жонка.

Фільм перапоўнены жартамі, заснаванымі на розніцы ў дыялектах, таму глядзець яго трэба толькі з субтытрамі. Або, ведаючы французскую мову. Прысутнічае адна з улюбёных тэмаў амерыканца Джармуша – міжкультурная камунікацыя. Рэжысёр Дэні Бун прадстаўляе гэтую праблему з адпаведнай французскай цеплынёй і гумарам, а не з джармушаўскай дыстанцыяй да герояў. Неверагодна перабольшаныя культурныя розніцы (узяць хаця б сцэну з «тыповым паўночным сняданкам») ствараюць гратэскны эфект, але і інфармуюць у пэўнай ступені пра асаблівасці рэгіёну. Агулам, стужка лёгкая, прыгожая і вельмі смешная.

Бліжэй да канца фільму можна адшукаць сапраўны рэцэпт для беларускага турызму – эпізод з прыездам жонкі Філіпа ў Бэрг. Нешта накшталт п’есы Марка Лэдэтэда «Беларусь». Маўляў, калі ад вас чакаюць бруду і прымітыўнасці – пакажыце гэта, а педантычныя турысты яшчэ і заплацяць! Вядома, камедыя Буна не пра гэта, але, чытаючы замежныя тэксты пра Беларусь, паралелі напрошваюцца самі.

У французскім пракаце «Вітаем у Шці» ішоў роўна з непераможным дагэтуль «Тытанікам» Камерана. Чым жа так прыцягвае гэты фільм? А халера яго ведае. Можа нявымушанай прастатой і дабрынёй?

Фільм: Вітаем у Шці / Bienvenue chez Les Ch’tis, Францыя 2007 г, 106 хвілін

Рэжысёр: Дэні Бун

Жанр: камедыя

Прыватная ацэнка: 7/10

Аляксей Шота