Паходны абразок паўстанца 1863 года захоўваецца ў школьным музеі

Настаўнік гісторыі гэтай школы Васіль Ракуць расказаў, што такія маленькія абразкі ксяндзамі выдаваліся паўстанцам пасля малебна ў касцёлах і перад тым, як яны ішлі ў бой.

Абразкі гэтыя былі невялікіх памераў, каб іх зручна было пакласці ў кішэню і перад боем памаліцца і папрасіць у Бога, каб застацца ў жывых”, — пачаў распавядаць Васіль Уладзіміравіч.

— А як трапіў абразок у ваш школьны музей? — пытаюся ў вясковага гісторыка.

Абразок у наш школьны музей прынесла жанчына з суседняй вёскі Прыхілы.

Яна сказала, што гэты абразок яе прадзеда, які прымаў удзел у  паўстанні.

Шмат гадоў іконка захоўвалася ў іх дома, а нядаўна жанчына вырашыла падараваць старую рэліквію школьнаму музею.

alt=”Image 18215″ >Дарэчы, сам настаўнік Васіль Ракуць з Новадзявяткавіцкай школы не толькі вучыць дзяцей гісторыі, але напісаў і выдаў больш за 20 падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі.

Таму ён вырашыў правесці ўласнае гістарычнае расследаванне на прыкладзе сваёй мясцовасці: ці сапраўды выдаваліся паўстанцам такія абразкі.

 

І што вы думаеце, — працягваў распавядаць вясковы гісторык, — ксёндз Васілеўскі з нашага Новадзявяткавіцкага касцёла быў упаўнаважаным Альфрэда Слізня, які ў той час працаваў і Міністэрстве замежных спраў Расіі ў Пецярбургу і быў нашым земляком.

У маёй вёсцы знаходзіўся вялікі палац Слізняў, які не захаваўся.

А захаваўся толькі на малюнку Напалеона Орды.

Імператар расійскі давяраў Слізню. Але Альфрэд Слізень паціху вёў антырасійскую палітыку.

Ён дапамагаў паўстанцам на Беларусі, а свой маёнтак у Новадзявяткавічах выкарыстоўваў для патрэб паўстанцаў: карміў іх там, апранаў, аказваў медыцынскую дапамогу, фінансаваў.

У старых расейскіх дакументах я знайшоў такі выраз: ксёндз Васілеўскі ў Дзявяткавічах сустракаў і выпраўляў банды паўстанцаў.

— Які лёс Альфрэда Слізня і ксяндза Васілеўскага быў пасля паўстання?

Альфрэда Слізня пасля паўстання адправілі ў адстаўку. І ён вярнуўся на Слонімшчыну. Касцёл у Дзявяткавічах хутка закрылі, а ксяндза Васілеўскага саслалі ў Сібір, і ён на радзіму больш ніколі не вярнуўся.

Але святар таксама выдаваў паўстанцам такія маленькія абразкі перад паходам на маскалёў.

Гэта мне некалі нават распавядалі старыя вяскоўцы.

Сам палац Слізняў у Дзявяткавічах падчас Другой сусветнай вайны спалілі партызаны.