Мікалай Аўтуховіч учыніў спробу суіцыду

|

Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся ў калоніі вечарам 15 снежня. Гэту інфармацыю яму паведаміў адзін са зняволеных калоніі. “Ён паспеў сказаць, што з Аўтуховічам усё вельмі дрэнна і жахліва, што ён ускрыў сабе вены. Пасля гэтага сувязь з гэтым чалавекам абарвалася, таму мы не ведаем, па якой прычыне Аўтуховіч гэта зрабіў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што адміністрацыя калоніі аказвае на яго ціск”, — сказаў Волчак.

 

Дырэктар праваабарончай інфармацыйна-асветнай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка таксама сказаў БелаПАН, што ён атрымаў з калоніі інфармацыю аб спробе суіцыду Аўтуховіча. “Для аказання медыцынскай дапамогі яго вывозілі ў гарадскую бальніцу. Зараз яму назначаны перавязкі, ён пачаў прымаць ежу і просіць перадаць яму літаратуру”, — сказаў Бандарэнка.

 

У Івацэвіцкай калоніі № 5 БелаПАН адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю.

 

Як паведамлялася раней, у снежні Мікалай Аўтуховіч у калоніі быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу тэрмінам на месяц. Прычыны невядомыя, але, як мяркуюць праваабаронцы, “гэты факт трэба разглядаць як працяг пастаяннага ціску на Аўтуховіча з боку адміністрацыі за яго нязменную прынцыповую пазіцыю”.

 

15 снежня былыя воіны-афганцы Алег Волчак і старшыня аргкамітэта па стварэнні ГА “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі падалі на імя генпракурора заяву, у якой гаворыцца, што ў калоніі № 5 у Івацэвічах парушаюцца правы ветэрана баявых дзеянняў у Афганістане Мікалая Аўтуховіча.

 

Паводле слоў Волчака, Аўтуховічу пасля прыбыцця ў калонію яе кіраўніцтва настойліва прапаноўвала падпісаць абавязацельства аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй калоніі, дзе ён прызнае сваю віну і паведамляе, што стаў на шлях выпраўлення. “Аўтуховіч жа не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што асуджаны па сфальсіфікаванай крымінальнай справе за тое, што ў пачатку студзеня 2009 года звярнуўся з патрабаваннем да Лукашэнкі, каб ён вярнуў ільготы ветэранам баявых дзеянняў, якія той сваім указам адмяніў”, — сказаў Волчак.

 

Нагадаем, у маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы.

 

Варта зазначыць, што з часу пазбаўлення адваката Паўла Сапелкі права займацца прафесійнай дзейнасцю ў сакавіку гэтага года Аўтуховіч застаецца без адваката.

 

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Аўтуховіча вязнем сумлення.

 

Здымак nv-online.info