Як пазбегнуць стрэсу падчас сесіі?
Магістр псіхалагічных навук Анастасія Багай (на здымку) распавядзе, як прывесці свае думкі ў парадак, заставацца спакойным і ўпэўнена глядзець выкладчыку ў вочы.
align=”left” >
Падрыхтоўка да іспыту. На стадыі падрыхтоўкі да іспытаў неабходна выпрацаваць два важных моманта – здольнасць хутка ўзгадаць патрабаваны матэрыял і развіццё ў сабе стрэсаўстойлівасці.
Большасць студэнтаў перад экзаменамі спрабуюць “вызубрыць” максімум інфармацыі, але ж гэта вялікая памылка. Пры такім сляпым завучванні адбываецца механічнае запамінанне матэрыялу, якое ў экстрэмальнай сітуацыі аказваецца вельмі неэфектыўным. Нашмат лепш для здачы экзаменаў выкарыстоўваць лагічную памяць. Таму перад іспытам варта не столькі загружаць сваю галаву новай інфармацыяй, колькі наводзіць у ёй парадак сістэматызуючы і аб’ядноўваючы элементы ведаў лагічнымі сувязямі. Для гэтай мэты можна, у працэсе падрыхтоўкі, скласці кароткія схемы-табліцы па тэме.
Галоўнае правіла на гэтым этапе – рацыянальнае планаванне і размеркаванне працы. Білеты трэба размеркаваць так, каб у апошні дзень заставалася толькі паўтарыць вывучаны матэрыял, прычым непаслядоўна.
Не экзаменатар кіруе экзаменам, а студэнт. Вусны адказ заўсёды нагадвае маналог, які потым ацэньваецца экзаменатарам. І пасля таго, як агучана адзнака, змагацца за яе павышэнне складана. Найбольш эфектыўна кіраваць экзаменацыйным працэсам атрымоўваецца ў тым выпадку, калі студэнт ператварае яго ў дыялог з экзаменатарам.
Калі вы не ўпэўнены ў правільнасці свайго адказу, то лепш за ўсё падзяліць яго на серыю невыразных сцвярджэнняў, якія нельга зразумець адназначна. У далейшым не спяшайцеся з працягам адказу, а ўважліва прасачыце за рэакцыяй выкладчыка. Большасць экзаменатараў сваёй мімікай, жэстамі, паставай, характарам і інтанацыяй удакладняючых пытанняў мімаволі даюць зразумець, згодны яны з пачутым ці не. Гэта дазволіць вам карэктаваць свой адказ, часам мяняючы яго сэнс на супрацьлеглы.
Часам бывае выцягнеш білет і адчуваеш, што нічога не ведаеш. Пераадолець гэты няёмкі момант дапамагае простая тэхніка. Падзяліўшы ліст напалову, злева напісаць “ ведаю”, справа – “не ведаю”. Пры гэтым уся інфармацыя, якая ёсць у галаве, упарадкуецца, а хваляванне пройдзе. Неўзабаве выявіцца, што памяць сама пачынае нам падказваць, і паступова частка з калонкі “я не ведаю” пяройдзе ў калонку “ведаю”.
З практычнымі заданнямі трэба змагацца да апошняга, нават калі штосьці і не атрымліваецца. Дайце мажлівасць экзаменатару пабачыць ход вашых думак, магчыма ён правільны.
Парады супраць стрэсу:
• Глыбокае дыханне! Пасля 3 – 4 глыбокіх удыху і выдыху нервовае напружанне здымаецца, а калі вы зможаце на 10 секунд пераключыцца на прыемныя ўспаміны, то вы зноў у добрым працоўным стане.
• Кансультацыі перад іспытам. Абавязкова наведвайце іх і сачыце, як выкладчык адказвае на пытанні, з якой ступенню складанасці іх раскрывае.
• Сачыце за ходам іспыту. Калі выкладчык кажа тое, што вы і самі выдатна ведаеце, вам неабходна актыўна пагадзіцца заківаўшы галавой, мякка спыніць і скончыць адказ самастойна.
• Паслядоўны адказ. Акцэнт на важных словах і зменлівы тэмп гаворкі, надасць вашаму адказу выразнасць.
• Вельмі важны знешні выгляд, жэсты і міміка. Ахайнасць і акуратнасць надаюць упэўненасць у сваіх сілах. Будзьце натуральнымі і хвалюйцеся спакойна.
• Для тых, хто ўсё ж такі сумняваецца ў сваіх сілах, выратавальнай саломінкай становіцца самастойна вырабленая шпаргалка, якая дазваляе сістэматызаваць інфармацыю, запомніць складаныя факты і лічбы. Праўда, карыстацца напісанымі шпаргалкамі на экзаменах не рэкамендуецца, бо ўсе думкі засяроджваюцца на тым, як ёй скарыстацца.
А як змагаюцца са стрэсам студэнты?
Aляксандр Рымашэўскі, студэнт ГДАУ, 3 курс.
– Ад стрэсу мяне выратоўвае спакойная музыка, у большасці выпадкаў. У вольны час наведваю кінатэатр або іду на хакейны матч. Менавіта там, на 2 – 3 гадзіны, магу забыцца на свае клопаты звязаныя з экзаменамі, крыху асвяжыць галаву і, сапраўды, адпачыць. Калі і на першае, і на другое няма часу, то проста іду ў краму за чымсьці салодкім.
Кацярына Чарнак, студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ ім. Янкі Купалы, 5 курс.
– Для мяне сесія праходзіць нармальна. Толькі адзіны мінус – уначы перад іспытам не магу заснуць і вельмі хочацца есці. Хваляванне пачынае з’яўляецца толькі перад дзвярыма аудыторыі. На мой погляд, каб пазбегнуць стрэсу, галоўнае – вучыцца на працягу семестра.
Хваляванне за поспех экзаменаў – гэта нармальная з’ява. Нават падаецца дзіўным, калі студэнт адчувае сябе цалкам спакойна. Таму рыхтуемся да бою з розумам, памятаем аб сваім здароўі і аб тым, што нават пасля няўдалай сесіі жыццё працягваецца.