АПЫТАННЕ: ЯК НА ВАС ПАЎПЛЫВАЎ КРЫЗІС
Хтосьці крадзе, хтосьці губляе грошы ў банку, а хтосьці на пытанне: «Як на Вас паўплываў сусветны эканамічны крызіс?» збіраючыся хутчэй збегчы, дзіўна ўсміхаецца…
Яўген: Стаўлюся адмоўна, як у псіхалагічным, так і ў матэрыяльным сэнсе. Вельмі крыўдна чуць з экранаў тэлебачання: « Крызіс нашу краіну не закрануў». І гэта нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце ён пачаўся афіцыйна з кастрычніка. Я ўжо даўно збіраўся з’ехаць з гэтай краіны, а цяпер асабліва. У мяне яшчэ больш узрос недавер да ўлады пасля таго, як яна не выканала абяцанне наконт павышэння заробнай платы настаўнікам. Зараз атрымалася так, што працую на двух працах.
Андрэй (малюючы схему): Негатыўна. Ну, вось глядзіце, такі прыклад: у сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля мы згубілі 20%, за кошт неабгрунтаванага ўзросту коштаў яшчэ 20% – атрымліваецца 40%, але ж на самой справе 50-60%!
Паша Махінаў: Раней, калі я хадзіў у краму, мне хапала 3-4 тысячы, зараз – 7 тысяч беларускіх рублёў. Узрос кошт на такія прадукты харчавання як кефір, малако, гумка на 400 рублёў больш, семкі былі 360 сталі 540…
Ванда: Яшчэ не адчувала, мабыць таму, што атрымалася так: я змяніла працу на больш прыбытковую.
Ягор: Заробак зменшыўся, работы таксама няма, а вось кошты відавочна ўзраслі.
Валеры і Сяргей: Ну, прынцыпова, ніяк не адлюстраваўся. У «Алмі» піва ўсё роўна стала больш каштаваць.
Андрэйка: Па праўдзе кажучы, жыць стала цяжэй. На 25% зменшыўся заробак. Жэня: Ніяк. Я увогуле не адчуў, мабыць пакуль…
Ілля (усміхаецца): Крызіс – гэта вядома дрэнна, грошай стала менш, але ж вольнага часу значна больш!
Мужык «Х»: Жыць стала лепш! Я як краў, так і краду, і красці буду, а цяпер яшчэ і больш!
Падрыхтавалі Кацярына АЗАРАНКА і Наталія ВАЖЭЙКА
Фота аўтараў