Дзіцячыя слёзы на навагоднім ранішніку

|

– Ведаючы заранёў, што будзе на ранішніку – я б дзіця туды не пусціла, – пачынае расповед Святлана, маці сямігадовай Аляксандры.

 

Жанчына заўважае, што з нецярпеннем чакала, “калі скончыцца гэты бардак”. Разам з класным кіраўніком яны не паспявалі супакойваць галасістых захлёбваючыхся слязамі дзяцей і прыдумваць розныя гісторыі, чаму Дзед Мароз адным дзеткам падарыў падарункі, а іншым не, хоць усе дзеці добрыя па свойму.

 

Што ж павінна здарыцца на ранішніку, каб маці шкадавала аб тым, што яе дзіця на ім было?

 

– Пасля ўрачыстай часткі (выступлення, карагодаў) дзеці выстраіліся ў чаргу, каб распавесці верш і атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза, – распавядае Святлана. – Але падарункі атрымлівалі толькі тыя дзеці, бацькі якіх працуюць у СВК «Ніва-2003», хаця на ранішніку было шмат дзяцей з іншага калгасу!- не хавае эмоцый жанчына і са смуткам канстатуе, што такія дзеці не толькі засталіся без падарунку, але і выйшлі са свята з пачуццём прыкрасці, крыўды, ды знявагі.

 

Паводле маці Аляксандры, яе дачка, цэлы тыдзень рыхтавалася да ранішніка. Вельмі перажывала, што не забрала сваю святочную сукенку ў бабулі і пакінула там велізарныя прыгожыя белыя банты. За дзень да ранішніка бацькі набылі Аляксандры маску, якую яна не здымала цэлы вечар, паўтараючы верш, які раскажа Дзеду Марозу.

 

– А які верш ты распавяла Дзеду Марозу? – пытаюся ў дзяўчынкі.

 

Выраз твару Аляксандры рэзка змяняецца, становіцца сумным, вочы вінавата глядзяць у падлогу, але Саша рэцытуе вершык:

 

Добрый Дедушка Мороз

Мне щенка в мешке принёс.

Но какой-то странный дед:

В шубу мамину одет.

А глаза его большие,

Как у папы, голубые.

И улыбка даже,

Ну, конечно, та же!

Это папа!

Я молчу, втихомолку хохочу–

Пусть позабавляется

Может, сам признается.

 

Дзяўчынка заканчвае чытаць і раптам выкрыквае: – Гэта быў несапраўдны Дзед Мароз, бо яму не спадабаўся верш!

 

Святлана тымчасам працягвае расповед пра ранішнік, на якім дзеці не толькі рэцытавалі вершы, але і – тыя хто ўмее – гралі на піяніна. – Дачка вучыцца ў музычнай школе і пабегла ў чаргу да інструменту, але хутка вярнулася – кажа маці. – Дзеду Марозу не спадабаецца мая песня «Карова», заявіла мне Саша і заплакала – узгадвае Святлана.

 

Каб разабрацца, хто вінаваты ў давядзенні дзяцей да слёз я накіравалася ў ДК «Рацічы». Адміністрацыі не было на месцы, таму прыйшлося размаўляць з кіраўнікамі музычных гурткоў.

 

Высветлілася, што ад ідэі дарыць падарункі асобным дзецям яны самі не ў захапленні. Нажаль высветліць, каму ў галаву прыйшла гэтая «бліскучая» ідэя не ўдалося, бо 26 снежня ў СВК «Ніва-2003» быў выхадны.

 

Але ці варта высвятляць, хто мае больш рацыі? Відавочна, што ў сапсаваным свяце вінаватыя зароўна адміністрацыя ДК «Рацічы», як і СВК «Ніва-2003». Бо адныя не дадумаліся, што на ранішніку будуць дзеці з іншага калгасу, а другія, што падарункі толькі “сваім” дзецям не даюць у прысутнасці “чужых” дзяцей. Шкада, што пра гэты – вядомы, здаецца, нават дзецям – педагагічны прынцып не заўсёды памятаюць дарослыя.