Узорная альтэрнатыва дзевяцігадовай вытрымкі

|

У чаканні даўно ўжо абяцанага дыска мы збіралі рэдкія асобныя трэкі, што выкідаліся ў інтэрнет, слухалі дуэты на чужых кружэлках ды акустычныя варыянты ніколі нявыдадзеных песен. Спадзяваліся, што новы альбом будзе не горшым за прарыўное ў свой час “Свята пакрадзенае”. І сапраўды, хаця “Патас/Попс/Прапаганда” ужо на першы погляд выглядае зусім іншым (пачаткова – нават банальнейшым) і музычна і канцэпцыйна, ён і так можа прэтэндаваць на адзін з лепшых дыскаў мінулага года.

 

Класічнае олдскульнае трыа: гітара, бас і бубны – пазнавальнае з першых гукаў. Тая самая шчыльная і зубадрабільная рытм-секцыя, той самы панкаўска-хардкоравы гітарны напор, хаця стылістычна і першы і другі альбом даволі разнастайныя. Частка песен ужо даволі даўно стала вядомай, хаця б хітовыя “Шабаны”, ці прадстаўленыя на Тузіне Гітоў “Кола”, папсовенькае “Адзін” і “Дым”. Некаторыя трэкі можна было памятаць з канцэртаў (да болю рэдкіх). Яшчэ частка – зусім прэм’ерныя кампазіцыі.

 

“П/П/П” – як і ў свой час “Свята пакрадзенае” – слухаецца на адным дыханні, без пропускаў трэкаў і без замены іх месцамі. Глыбокі, пранікнёны голас Памідорава, магутны (толькі не ў плане дыяпазону), акурат для такога кшталту хуліганскай музыкі – магчыма, галоўны інструмент у камандзе. Памідор вішчыць, хрыпіць, гарлапаніць, раве, дзярэ струны, чытае, мацюкаецца, спявае. Ёсць і фірмовыя завыванні па-памідораўску (“Дыска”), якія засталіся ў памяці яшчэ з часоў бэк-вакалаў у энэрэмаўскім “Катлеце-Матлеце”. У рэшце рэшт – нармальнае беларускае вымаўленне, не такое ўжо частае сярод нашых музыкаў.

 

З кожным праслухоўваннем хочацца паставіць пласцінку ад пачатку. З кожным заўважаеш усё большую разнастайнасць прыхаваную пад першапачатковымі, частковымі ўражаннямі. Але ж цэласнае ўражанне нікуды не знікае. Песні арганічна пераходзяць з адной у адну. Нават шкада, што кружэлка так хутка скачаецца (і гэта пры працягласці запісу 46 хвілін + бонусы!).

 

Вельмі шкада, што не быў запісаны ў электрычнасці ніводны з даволі ўдалых кавераў на Боба Марлі (на папярэднім альбоме было “No more trouble”) і наогул у альбом трапіла няшмат элементаў рэгі (канцоўка “Дыска” і пэўны ўплыў у “Італьяна”). Амаль няма рэчытатываў. Не хапае таксама нейкай сур’ёзнасці, нават метафізічнасці, якая была характэрная для часткі песен з першай кружэлкі. Тут дэпрэсняк і задуменнасць хутчэй саступаюць месца агрэсіўнасці. Самыя суворыя спевы: “Нічога” і “Хлусня” – пра тое што “няма ні сонца, ні месяца” і “не схлусіш не пражывеш”. Усё цалкам адпавядае назве. Патас, попс і прапаганда, ага.

 

Чорны Дзед Мароз беларускага року спявае пра тое, што “kredyt umarł, kryzys żyje”, “хлусяць прэзідэнты на далярах” і “усё роўна сканаеш – ніхто не згадае”. У іншым месцы: “звыклая справа – жыццё без мараў” ды “хочаш лётаць – можаш толькі поўзаць”. Але ж асабліва запамінаецца цудоўная і добрая, шчымлівая перадкалядная песня “Радыё (20.12.2010)”, прысвечаная адпаведнай даце і таму, што “ніхто не штурмуе дом ураду або ўнівер”, затое “закусвае снегам снайпер на даху”.

 

Альбом “П/П/П” – адзін з лепшых выдадзеных у нас апошнім часам. Рэдкі прыклад, калі самы вялікі плюс песен – шчырасць і энергія – гарманічна суадносіцца з вельмі якасным выкананнем і запісам. Праграма, якая дазравала дзевяць год і вытрымка пайшла ёй толькі на карысць. Падарунак на Каляды. А яшчэ – надзвычай удалая вокладка – рэдкасць у беларускіх гуртоў.

 

Гурт: Pomidor/OFF

Альбом: Патас/Попс/Прапаганда

Год: 2011

Гатунак: панк/олдскул/альтэрнатыва

Прыватная ацэнка: 9/10