Мінэнерга прапанавала свой ліміт на электрычнасць

У снежні мінулага года стала вядома, што ў Беларусі плануецца ўвесці нормы спажывання электрычнасці. Гэта значыць, нейкую частку электраэнергіі мы будзем аплачваць па льготным тарыфе, а рэшткі — па 100%.

— Плануецца прадугледзець аб’ём спажывання на аднаго чалавека парадку 107 кВт-г электраэнергіі. Калі ў сям’і два чалавекі, то дадаецца яшчэ 30 кВт-г. Калі тры, адпаведна, яшчэ 30, — казаў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін яшчэ 21 снежня.

Пакуль урад толькі абмяркоўвае гэты праект. А на мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрства энергетыкі супраць такіх нормаў. Дакладней, хоча іх скарэктаваць.

— Міністэрствам энергетыкі падрыхтаваная дакладная запіска ва ўрад. Там сказана, што агучаныя прапановы па ўвядзенні лімітаў на спажыванне насельніцтвам электраэнергіі яно лічыць непрымальным. Больш за тое, іх цяпер наогул нельга ажыццявіць, — цытуе ліст Белэнерга газета «Звязда». — Справа ў тым, што ў краіне няма поўнай 100-працэнтнай базы ўліку грамадзян-абанентаў. Напрыклад, у пэўным доме ёсць адзін абанент, з якім заключаная дамова на пастаўку электраэнергіі. А прапісаныя тры чалавекі, пражывае ж больш ці менш. Можа быць і так, што прапісана пяцёра, а фактычна жыве адзін. І сітуацыя з колькасцю жыхароў у адным доме, кватэры можа змяняцца, яна не будзе ўвесь час сталай. Як адсочваць гэтую інфармацыю, прычым кожны месяц?

Але нягледзячы на ўсе складанасці, у Міністэрстве агучваюць свае варыянты нормаў.

Так, на кожнага абанента (гэта значыць на адну кватэру або дом), з якім заключаная дамова на пастаўку энергіі, плануецца ўсталяваць ліміт у 150 кВт-г у месяц. Для тых, у каго электрапліты, — 250 квт-г.

Пры гэтым колькасць чалавек, якія фактычна пражываюць у кватэры (доме) у разлік браць не будуць. Няважным будзе і тое, жывяце вы ў сельскай мясцовасці або ў горадзе.

«Камсамолка» вырашыла параўнаць дзве прапановы па лімітах на электрычнасць — адна ад Міністэрства энергетыкі, а другая ад урада. Каб палічыць, па якіх лімітах нам жыць стане больш выгадна. У разлік бралі кватэру з газавай плітой.

Прапанова ўрада — 107 кВт-г + 30 кВт-г на кожнага дадатковага жыхара

1 чалавек — 107 кВт-г

2 чалавекі — 137 кВт-г

3 чалавекі — 167 кВт-г

4 чалавекі — 197 кВт-г

 

Прапанова Мінэнерга — 150 кВт-г

1 чалавек — 150 кВт-г

2 чалавекі — 150 кВт-г

3 чалавекі — 150 кВт-г

4 чалавекі — 150 кВт-г

Атрымліваецца, што варыянт, прапанаваны Мінэнерга, выгадны толькі для тых, хто пражывае ў кватэры (доме) адзін ці ўдваіх. Для тых, у каго ў сям’і трое і больш чалавек, выгадны праект урада.