Аднавіліся заняткі ў гарадзенскім “Універсітэце Залатога Веку”
У час сустрэчы, якая адбылася 12 студзеня, была прадстаўлена прэзентацыя, якая распавядала пра гісторыю і досьвед працы са сталымі людзьмі ў Францыі, Англіі, ЗША і Канадзе, Кітаі, краінах Паўднёвай Амерыкі.
Асаблівая ўвага была нададзеная падобным на нашу праграмам у Польшчы, Расіі і Ўкраіне.
А напярэдадні Калядаў слухачы “Універсітэту Залатога Веку” весела адзначылі надыход Новага года!
>
На імпрэзу сабраліся больш за 50 навучэнцаў і навучэнак УЗВ. Шмат хто – у навагодніх касцюмах. У гэтым годзе на святкаванні былі і жывая елачка, і каралеўна, і цыганка.
Хтосьці прыходзіў у прыгожых карнавальных масках.
Святочная атмасфера разлілася ў паветры разам з буйствам колераў і шчырых усмешак.
Не абышлося, канешне ж, і без традыцыйных Святога Мікалая і Снягурачкі, якія не толькі развесялілі прысутных, але і падаравалі ўсім прыемныя падарункі.
На гэты раз у навагоднім святочным дуэце з’явіўся памагаты – калядна-навагодні эльф Святога Мікалая. Ён дапамагаў Снягурцы і Св.Мікалаю зачытваць пажаданні і раздаваць падарункі.
Вельмі прыгожым і душэўным стаў выступ гуртка “Беларускія вячоркі”, якія ў цемры са свечкамі ў руках саспявалі меладычныя калядныя песні.
Пасля яны дапамагалі спяваць ужо вясёлыя калядкі наведвальніцам курсаў па польскай мове. Калядных песен на вечарыне гучала шмат, і самых розных!
На такую святочную вечарыну не маглі не завітаць калядоўшчыкі.
Дзве групы – з казой і мядзведзем – яны паказалі новую праграму, насычаную жартамі, спевамі, касцюмамі.
Тое, што калядоўшчыкі завіталі да слухачоў УЗВ, стане добрай прыкметай таго, што да кожнага з прысутных абавязкова ў новым годзе пагрукаецца шчасце і дабрабыт!
Больш інфармацыі пра гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” можна атрымаць на блогу гэтай праграмы, арганізаванай у 2010-м годзе сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.
Відэа: Ганка Марза
Фота: Лана Руднік, Воля Корсун