ГАРОДНЯ І СВЕТ ВАЧЫМА ГАРАДЗЕНЦАЎ
Парасячыя гісторыі
Адзін з польскіх інтэрнэт-рэсурсаў падаў днямі гісторыю пра двух спрытных гарадзенцаў, якія ў далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя падрадзіліся пастаўляць мяса ў гарнізон польскага войска ў Сувалках (месціцца на сучаснай польска-літоўскай мяжы). Мендэль Фрыдман ды Беньямін Вайнэрт атрымалі замову на пастаўку 25 тон валавіны і паўтоны ялавічыны. Паколькі курс валюты ў той час моцна вагаўся, гандляры вырашылі скарыстаць сітуацыю на сваю карысць. Закупіўшы мяса ў пачатку студзеня 1923г. па кошце 800 тыс. марак за кг, праз паўмесяца яны прадалі яго вайскоўцам ужо па новым рынкавым курсе ў 1 млн. 600 тыс. марак.
Пракуратура ў Сувалках распачала крымінальную справу ды вылічыла, што прыбытак гарадзенцаў склаў звыш 50 мільярдаў марак! Здавалася б, турмы Фрыдману з Вайнэртам не мінуць, але тыя здолелі пераканаць суд, што не яны вінаватыя ў такім хістанні курсу і што мяса ў іх каштавала ўсё роўна таней, чым у крамах. Суду анічога не заставалася як падцвердзіць, што гандляры зыходзілі з рынкавых коштаў і таму караць іх за спекуляцыю няма падставаў. Куды менш пашанцавала нядаўна злачыннай групоўцы з Расіі. У пачатку студзеня жыхар падмаскоўнага Зеленаграда заявіў у міліцыю, што ў яго прапала вялікая партыя купленай у Гродна свініны. Аказалася, што чалавек купіў у Беларусі 60 тон мяса, якое мусіла на трох фурах даехаць у Зеленаград. Да месца прызначэння, аднак, даехаў толькі адзін грузавік, а 40 тон з іншых машын зніклі невядома куды. Следства высветліла, што кіроўцам затэлефанавала нейкая дзяўчына, якая прадставілася мэнэджэркай фірмы – атрымальніцы груза, ды паведаміла, што груз трэба выгрузіць на новым месцы, што і было зроблена. На момант, пакуль міліцыя знайшла патаемны склад, палова мяса ўжо было прададзена за паўцаны. У хуткім часе затрымалі і аферыстаў – двух жыхароў Расіі і таджыка. Малаверагодна, што ім, як тым Фрыдману з Вайнэртам, удасца пераканаць суд у сваёй невінаватасці…
Хочаш вучыць – ідзі вучыцца
“Твой стыль” не раз ужо пісаў пра бум у гарадзенскіх аўташколах, дзе колькасць ахвотных вучыцца перавышае магчымасці тых, хто можа вучыць. Новая ініцыятыва беларускіх чыноўнікаў можа яшчэ больш абвастрыць гэтую сітуацыю. Міністэрства транспарту і камунікацыі выступіла з ініцыятывай, каб інструктары, якія займаюцца навучаннем будучых кіроўцаў, мелі спецыяьную адукацыю. Як паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкай на аднаго з чыноўнікаў міністэрства, гэта зробіць інструктароў не толькі добрымі прафесіяналамі ў сваёй справе, але і добрымі педагогамі, што палепшыць якасць навучання кіроўцаў.
Свае словы чыноўнік падцверджвае вынікамі мнулагодніх праверак беларускіх аўташкол, у выніку якіх каля трох дзесяткаў гэтых установаў былі пакараныя рознымі санкцыямі. На Гарадзеншчыне працуе 57 аўташкол. Кошт навучання ў іх складае ад 800 тыс. да 1 млн. руб. Калі ініцыятыва Міністэрства будзе ўхвалена, то ахвотным атрымаць правы прыдзецца яшчэ даўжэй чакаць магчымасці сесці за руль вучэбнага аўтамабіля, бо на дзвярах аўташколаў могуць з’явіцца шыльды: “Школа закрыта – усе пайшлі вучыцца!”
В. Дрэма