Антыкварны Гродна. Частка І

|

Віктар Какарэка (на здымку ніжэй), кіраўнік грамадскага аб’яднання “Беларускае Нумізматычнае таварыства”, пагадзіўся распавесці  аб тым, як пачыналася  і змянялася калекцыянерская справа ў Гродна на працягу стагоддзяў.

 

>

 

– Якога часу наогул сягае калекцыянаванне як з’ява ў нашым горадзе?

 

– Давай для пачатку разбярэмся, для чаго людзі калекцыянуюць. Калекцыянаванне – гэта збіранне прадметаў, якія табе падабаюцца, ствараюць пэўны камфорт і г.д., але ў мінулыя часы да калекцыянавання ставіліся абсалютна з іншага пункту гледжання: часцяком гэта была нагода падкрэсліць легітымнасць знаходжання каля ўлады, старажытнасць свайго роду, карацей, сацыяльны статус. Таму і збіралі ў той час, напрыклад, рэчы, якія нагадвалі аб удзеле нейкага продка ў слаўных бітвах, трафеі, якія былі адкульсці прывезеныя, таму гэтым займаліся ў першую чаргу магнаты пачынаючы недзе з ХVІ ст.

 

У Гродна тады прыехала каралева Бона, прывезла з сабой світу, шмат хто з нашай шляхты пабываў ці адвучыўся ў Еўропе, у прыватнасці, у Італіі. Зразумела, што падобная мода перайшла і на наш рэгіён.

 

З дакладнасцю ж можна казаць пра прадметы калекцыянавання ўжо ў ХVІІІ ст – у эпоху “Асветніцтва”. Больш стала адукаваных людзей, людзі больш сталі цікавіцца прадметамі культуры. Паломнікі з той жа Італіі прывозілі святыя рэліквіі, нехта збіраў партрэты рымскіх імператараў па манетах і медалях…

 

– Але ўсё гэта пакуль тычылася галоўным чынам прадметаў агульнаеўрапейскай гісторычнай спадчыны?

 

– З-большага так, бо толькі ў эпоху Рамантызму, у ХІХ ст. мы можам казаць пра цікавасць да свайго краю. На гэты момант Рэч Паспалітая ўжо была падзелена паміж некалькімі краінамі, таму і мела месца своеасаблівая настальгія па страчанай дзяржаве, што выклікала цікавасць і да прадметаў інтэр’еру, з ёй звязаных.

 

Адначасова пачаліся аматарскія раскопкі курганаў, рэчы з якіх выстаўляліся ў пакоях шляхецкіх сядзібаў ці пры іх, і пры нагодзе дэманстраваліся гасцям.

 

Той жа віленскі ўніверсітэт рыхтаваў добрых гісторыкаў, якія прасвятлялі народ, мяшчанаў, шляхту і заахвочвалі цікавасць да сваёй гісторыі, адпаведная хваля ішла і ў літаратуры: Міцкевіч, Крашэўскі, Сінкевіч.

 

– А на дзяржаўным узроўні назіралася цікавасць да старажытнасцяў?

 

– З сярэдзіны ХІХ ст. расейскія ўніверсітэты пачынаюць цікавіцца гісторыяй далучаных земляў і накіроўваюць запыты да мясцовых губернатараў наконт помнікаў гісторыі і знаходак. Быў створаны Статыстычны камітэт пры кожным губернатары (у Расеі ён афіцыйна падпарадкоўваўся міністэрству ўнутраных справаў), а паколькі статыстыка ў імперыі лічылася гістарычнай дысцыплінай, то ўсе прадметы старажытнасці праходзілі праз гэтае ведамства. Тады пры губернатары быў створаны музей, дзе збіралася ўсё, што вытваралася ў губерніі ці мела дачыненне да яе гісторыі.

 

Актывізаваў сваю працу Эрмітаж, але тут трэба адзначыць, што тамтэйшых археолагаў не цікавілі рэчы, створаныя ці пабудаваныя пазней за ХІІІ ст. Усе клады, якія знаходзіліся на тэрыторыі Гродзенскай губерні вымаліся паліцыяй, перадаваліся ў статыстычную камісію, там запакоўваліся і адпраўляліся ў Эрмітаж, дзе ўсе манеты апісваліся, вывяраліся і, калі аказвалася, што ў іх чагосьці няма – гэта канфіскоўвалася за сімвалічную кампенсацыю, якая ледзь перавышала намінальны кошт срэбранай вагі манеты. Калі знаходка была зроблена на дзяржаўных землях – рэшта адпраўлялася на ўтылізацыю на манетны двор.

 

– А што наконт прыватных калекцыяў?

 

– Эрмітаж заахвочаў збіранне прыватных калекцыяў: вядома, што ў Гродне ў той час былі прыватныя калекцыі халоднай зброі, манетаў, іншых старажытнасцяў. На Беларусі ж самым вядомым калекцыянерам быў граф Гутэн-Чапскі, у якога, безумоўна, былі свае агенты-перакупшчыкі і ў нашым горадзе.

 

Каштоўныя прадметы доўга не затрымліваліся ў дробных калекцыянераў, а пераходзілі да такіх асобаў як Гутэн-Чапскі, якія куплялі як асобныя рэчы так і цэлыя калекцыі.

 

 

– Як развівалася калекцыянаванне ў міжваенны пераяд. Ці былі ў той час у Гродне антыкварныя крамы, напрыклад?

 

– Не чуў наконт крамаў, але калекцыянаванне ўжо было развітае. У перыяд з 70-х па 90-я гады я сутыкаўся з шэрагам выпадкаў знаходак калекцыяў часоў міжваеннай Польшчы. Адна з калекцыяў была знойдзена пры зносе дамоў на прывакзальнай плошчы – гэта была скрыня, набітая манетамі ад часоў Рымскай Імперыі да Буржуазнай Польшчы. Было гэта яшчэ ў 70-я гады, калекцыю тую выкупілі, наколькі я ведаю, нейкія літоўцы…

 

Яшчэ адзін быў выпадак, калі зносілі дамы на былой Пясочнай вуліцы (зараз Паўлоўскага, насупраць двара музычнай школы) – у дзвярным касяку быў выяўлены схрон: там была шабля, яшчэ нейкія прадметы, але самае цікавае – старая калекцыя банкнотаў, сярод якіх былі надзвычай рэдкія экзэмпляры дзвухмоўных расейска-польскіх купюраў 1840-х гадоў. Куды гэта ўсё патрапіла – невядома, бо, згодна відавочцам, намаляваўся нейкі суб’ект у мундзіры, назваўся міліцыянерам, перапісаў усіх, хто знайшоў, паабяцаў выплаціць ім грошы і… знік разам з прадметамі. Прайшоў тыдзень, два, людзі прыйшлі ў РАУС, дзе ім паведамілі, што нічога такога ў міліцыю не трапляла, выпадкаў такіх не зафіксавана…

 

У Слоніме быў вядомы калекцыянер Стаброўскі, у Ваўкавыску – Пех, былі створаныя іх прыватныя музеі. У нас жа з асобаў можна назваць бадай толькі Ядкоўскага на той перыяд, які і аб’яднаў перад вайной усіх энтузіястаў ад старажытнасці.

 

– Ці можна назваць Юзэфа Ядкоўскага першым вядомым калекцыянерам у Гродне?


– Не, “Гагарыным” ён адназначна не быў. Да яго былі і вышэйпералічаныя камісіі, і статыстычны камітэт, і ягоны настаўнік Арлоўскі, так што ён працаваў ужо на падрыхтаванай глебе.

 

Расейскія афіцыйныя зборы даказвалі, што тут усё “рускае”, ён жа, пачынаючы са сваёй першай выставы ў 1920 г., даказваў, што ўсе старажытнасці тут “польскага паходжання”, значыць, Польшча мае права на гэтую зямлю.

 

Дзяржава тады фактычна не выдатвоўвала грошаў на закупку прадметаў у калекцыю музея, таму, калі глядзіш пералік рэчаў, здабытых музеем у 1920-22 м гг., часцей за ўсё трапляецца пазнакі: “перададзена”, “падорана” альбо “здадзена ў дэпазіт”.

 

Ядкоўскі (на здымку) ведаў, які гродзенскі калекцыянер чым валодае, таму часам браў у чалавека прадметы дзеля якой-небудзь выставы, а пасля казаў: “Хай пастаіць яшчэ” – так людзі пакідалі экспанаты, але ў той жа час юрыдычна яны не з’яўляліся маёмасцю музея.

 

Таму нават у 1939 г. музейнай маёмасці было не так ужо і шмат – гэта вынікі раскопак у Гродна, клады, асобныя падарункі гарадзенцаў. Рэшта была ў “часовым карыстанні”.  Вайна, канешне, усё спісала…

 

Аб тым, што збіралі гродзенцы за савецкім часам, якія перспектывы гандлярам антыкварыятам адчыніла перабудова і што збіраюць гродзенцы сёння – у нашым наступным рэпартажы.

 

Фота аўтара