Хор беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына” адзначыць дваццацігоддзе канцэртам
Днямі вядомы ў Гродне самадзейны хор адзначыў дваццатую гадавіну пачатку сваёй творчай дзейнасці.
Першы выступ “Бацькаўшчыны” адбыўся на праваслаўнае Раство 1992 года. Тады харысты спявалі на Савецкай плошчы.
З тае пары беларускія духоўныя спевы ў выкананні “Бацькаўшчыны” гучалі ў храмах, сацыяльных установах і ўстановах культуры Беларусі, на фестывалях у Даніі, Літве, Польшчы, Украіне, Францыі.
Нязменнай кіраўнічкай хора застаецца Вера Васільеўна Кунцэвіч.
У канцэрце 14 студзення возьмуць удзел хор хлопчыкаў і юнакоў “Светач” СШ№3 імя В.Вусава і народны ансамбль “Зарачанскія крынічкі” (в.Зарачанка), мастацкім кіраўніком якіх таксама з’яўляецца Вера Кунцэвіч.
Павіншуе “Бацькаўшчыну” з юбілеем і заспявае калядкі і хор польскай песні “Głos znad Niemna”.
Пачатак канцэрта ў гродзенскай кірсе ў 17 гадзін.
Калядныя спевы прагучаць яшчэ на двух канцэртах у Гродне.
15 студзеня канцэрт найпрыгажэйшых калядак свету ў выкананні хора “Sursum corda” пад кіраўніцтвам Алены Саковіч і ансамбля “ART-Azart” пад кіраўніцтвам Таццяны Пясецкай адбудзецца пасля імшы на дванаццаць гадзін у Фарным касцёле.
У 16 гадзін пачнецца калядны канцэрт семінарыйнага гурта “Ave” ў СШ№20 для парафіян парафіі Маці Божай Вострабрамскай.
На здымку: Спявае “Бацькаўшчына”
Здымак Хрысціны Марчук